Яўген Задруцкі. Польскі марш: адгалоскі ў Беларусі.

Беларусь-Польша11 лістапада Польшча святкуе дзень незалежнасці. Галоўнае свята нашага суседа прысвечана падзеям, якія мелі месца ў далёкім 1918 годзе. У гэты дзень адбылося падпісанне Камп’енскага замірэння, якое паклала канец Першай сусветнай вайне і прадугледжвала эвакуацыю нямецкіх войскаў з тэрыторыі былой Расійскай імперыі, і ў тым ліку, з польскіх земляў. Днём раней Рэгенцыйная рада ў Варшаве перадала уладу ў рукі камандуючаму польскімі легіёнамі Юзэфу Пілсудскаму. Афіцыйная дэпеша аб абвяшчэнні незалежнай польскай дзяржавы была падпісана 16 лістапада 1918 года. Гэта быў час распаду старых імперый, на месцы якіх паўставалі нацыянальныя дзяржавы. Гісторыя пераходзіла ў новую эпоху.

З’яўленне Польшчы сталася новай старонкай у беларуска-польскіх стасунках. Аднак яна адразу была азмрочана крыўдамі ад неапраўданых надзей. Спачатку паводле Рыжскай дамовы 1921 года амаль палова беларускіх земляў апынулася ў складзе Польшчы. Адносна іх Варшава праводзіла палітыку асіміляцыі і дыскрымінацыі, імкнучыся нівеліяваць культурныя адрозненні між Заходняй Беларуссю і астатняй Польшчай. Ніякіх саступкаў беларусам польскія ўлады таго часу не зрабілі. Другая сусветная вайна паклала канец спрэчкам за беларускія землі, аднак польская падпольная Армія Краёва працягвала весці за іх крывавую барацьбу і пасля падзення ІІІ Рэйху. Адным словам, насуперак чаканням стасункі паміж Польшчай і Беларуссю развіваліся вельмі няпроста.

Здавалася б, паміж двума краінамі ёсць усё для таго, каб пабудаваць добрыя і прыязныя стасункі. Гэта і блізкасць культур, і агульнае гістарычнае мінулае, і непадзельная мастацкая спадчына, і вельмі добрыя прыватныя кантакты. Будаванне беларуска-польскіх адносін шмат у чым з’яўляецца працай з белага ліста, бо яны не маюць пад сабой працяглай міждзяржаўнай традыцыі, якая б праходзіла праз пакаленні. Але яны чамусьці не ладзяцца нават у апошні час. За перыяд незалежнай Беларусі можна налічыць бадай пяць-шэсць год, калі стасункі паміж нашымі краінамі былі параўнальна добрымі. Звычайна яны зменлівыя, пераходзяць з фазы адкрытага супрацьстаяння ў перыяды адноснага паляпшэння.

Зараз Беларусь і Польшча падышлі да чарговага пацяплення. Пастаянна адбываюцца сустрэчы афіцыйных асоб двух краін. Усе адзначаюць, што нягледзячы на па-ранейшаму стрыманы тон, паветра між Мінскам і Варшавай стала нашмат больш ясным.

Для гэтага ёсць аб’ектыўныя чыннікі. Па-першае, мінулая стратэгія ўзаемадзеяння з Беларуссю не спраўдзілася. Ранейшая палітыка як Польшчы, так і Еўрасаюзу скончылася з нулявым вынікам, калі не казаць адмоўным. Такія праграмы як Усходняе партнёрства, успрынятыя на пачатку з вялікім аптымізмам, не прынеслі пажаданага поспеху. Замест паўнавартаснага ўзаемадзеяння гэтая праграма стала для Беларусі толькі неблагім дыпламатычным форумам, праз які ажыццяўляюцца кантакты з партнёрамі з еўрапейскіх краін. Палітыка санкцый на практыцы паказала, што нічога, апроч стратаў для абодвух бакоў, яна не прынесла. Зараз становіцца відавочна, што Еўрасаюзу і Польшчы трэба выпрацаваць новую лінію ўзаемадзеяння з Беларуссю, якая б улічвала яе знаходжанне ў Еўразійскім саюзе.

Па-другое, на фоне крызісу, які разгарнуўся ва Ўсходняй Еўропе, Беларусь стала прывабнай выспай стабільнасці і супакою. Было бы шчасце ды няшчасце дапамагло. У Мінска і Варшавы аказаліся вельмі падобныя погляды на ўкраінскую сітуацыю нягледзячы на тое, што ступень ангажаванасці двух краін у гэтыя справы была цалкам адрозная. У адрозненне ад нейтральнай пазіцыі Беларусі, Польшча збольшага падтрымала ўкраінскую рэвалюцыю і імкнулася быць пасрэднікам ва ўнутрыпалітычным канфлікце ў гэтай краіне. Цяпер жа блізкасць пазіцый і жаданне хутчэйшага заспакаення сітуацыі на паўднёвых межах спрыяе больш актыўнаму развіццю дыялога паміж нашымі краінамі.

belarus_polandПа-трэцяе, зноў-такі на фоне крызісу, які разгарнуўся вакол Украіны, Еўрасаюзу і Польшчы прыйшлося змяніць сваю палітыку. Ім у найменшай ступені патрэбна яшчэ адна кропка напружанасці на сваіх усходніх межах. Таму яны ўзяліся за паступовую нармалізацыю адносін з афіцыйным Мінскам. Цяпер для Беларусі, дзякуючы культурнай спадчыне і геаграфічнаму становішчу, з’явіўся шанец стаць вакном у Еўразійскі свет.

Можна гаварыць, што беларуска-польскія адносіны цяпер сталі перад магчымасцю адраджэння. Іх нармалізацыя была бы чарговым крокам ва ўвасабленні мары ўраджэнца Мінска Ежы Гедройца аб добрых стасунках Польшчы са сваімі суседзямі. Менавіта з яго імем звязваюць ідэю свабоднай ад негатыўных палітычных забабонаў і шматкультурнай Цэнтральна-усходняй Еўропы. А адной з прычынаў такіх разваг Гедройца стаў вопыт існавання польскай дзяржавы, якая паўстала ў лістападзе 1918 года. Гедройц бачыў, што яе нацыянальны эгаізм хутчэй пасварыў палякаў са сваімі суседзямі, чым наадварот.

Гісторыя міждзяржаўных адносін новай Беларусі і Польшчы цяпер налічвае больш за 20 год. Нельга забываць, што найбольшая доля адказнасці за іх нармалізацыю нясе польскі бок. Менавіта ён займае актыўную пазіцыю і гуляе ў гэтай партыі белымі. Таму застаецца пытанне аб тым, як далёка гатовы пайсці палякі ў пацяпленні адносін з Мінскам. 20 год – добрая дата для таго каб азірнуцца на пройдзены шлях. Магчыма, што нам цяпер патрабуецца рэвізія поглядаў і новы Ежы Гедройц.

Евгений Задруцкий. Магистр истории, аспирант исторического факультета РГГУ. Окончил Белорусский государственный педагогический университет (история, социально-политические дисциплины), Российский государственный гуманитарный университет и Университет Миколая Коперника в Торуне (историческая компаративистика и транзитология). Один из основателей и член Консервативного центра NOMOS. Участник проекта Информационно-аналитического центра при Администрации президента «Умные сети». Сфера научных интересов: белорусско-польские и российско-польские отношения, Восточная Европа, Коминтерн и Коммунистическая партия Западной Беларуси, Армия Крайова на территории Западной Беларуси.

Яўген Задруцкі. Магістр гісторыі, аспірант гістарычнага факультэту РДГУ. Скончыў БДПУ (гісторыя. сацыяльна-палітычныя дысцыпліны), РДГУ ды Універсітэт Мікалая Каперніка ў Торуні (гістарычная транзіталогія і кампаратывістыка) Адзін з заснавальнікаў і сябра  Кансерватыўнага цэнтру NOMOS . Удзельнік праекту Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта “Умныя сеткі”. Сфера навуковых інтарэсаў: беларуска-польскія і расійска-польскія стасункі, Усходняя Еўропа.

 

Апублікавана ў Артыкулы, Навіны, Палітыка, Палітыка-гаспадарчая лябараторыя,, Рознае з тэгамі , , , , , . Спасылка на гэты запіс. Падпісацца на RSS-стужку, каб сачыць за камэнтарамі.

(C) 2012-2013 Кансэрватыўны цэнтар NOMOS.

Рекомендуем заказать магистерскую работу