Эрнст Нікіш – авангардны антыфашыст кансэрватыўнае рэвалюцыі

Кніга Эрнста Нікіша "Гітлер - жудаснае наканаваньне Нямеччыны"

Кніга Эрнста Нікіша “Гітлер — жудаснае наканаваньне Нямеччыны”

У 1992 г. у постсавецкіх краінах адна за другой пачалі ўзьнікаць нацыянал-бальшавіцкія партыі. Беларусь ня стала выключэньнем у гэтым працэсе. Нацыянал-бальшавізм за гады яе незалежнасьці даволі моцна ўкараніўся на палітычным прасьцягу як авангардны, моладзевы, напаў хуліганскі рух з сваім харызматычным лідарам – Эдуардам Лімонавым. Такія характарыстыкі нацыянал-бальшавізму дасьць большасьць неабазнаных у сутнасьці справы абаваталяў. Але сапраўдным стваральнікам ідэалёгіі й палітычнае практыкі нацыянал-бальшавізму зьяўляецца чалавек, лёс якога зьвязаны зь іншаю краінаю паза постсавецкаю прастораю. Імя яму Эрнст Нікіш. Антыфашыст, кансэрватыўны рэвалюцыянэр, патрыёт і захавальнік ідэі Вялікае Нямеччыны, стваральнік антыфашыстоўскага “Супраціву” й вязень гітлераўскіх лягероў, ён заўжды шукаў неклясычных, арыгінальных ды непаўторных шляхоў разьвязаньня праблемаў у грамадзтве. Нядаўна два пераклады кнігаў Эрнста Нікіша пабачылі сьвет і зьявіліся на кніжных паліцах Беларусі.

Каб зразумець сутнасьць ідэяў Эрнста Нікіша, трэба разгледзець яго жыцьцёвы шлях, убачыць лёсавызначальныя падзеі, адчуць увесь цяжар і глыбіню тых вызаваў, перад якімі паўстала яго постаць. Пра гэта можа распавесьці кніга мэмуараў “Жыцьцё на якое я адважыўся. Сустрэчы й падзеі”.

Мэмуары Нікіша падобныя да анэкдотаў часоў Трэцяга райху. Асабліва заваражвае адзін зь іх. Ангелец зьезьдзіў у Нямеччыну. Сябры вырашылі яго спытаць пра немцаў. І ён ім адказаў: “О, яны мне вельмі спадабаліся. Яны – шчырыя, інтэлігентныя і аддадзеныя нацыянал-сацыялізму. Толькі, на вялікі жаль, усе тры якасьці адразу ні ў каго не сустракаюцца. Кожны немец можа мець толькі дзьве якасьці з трох. Калі ён шчыры ды інтэлігентны, то ён не нацыянал-сацыяліст. Ці ён нацыянал-сацыяліст ды інтэлігентны, але тады ня шчыры. Ці ж ён шчыры і нацыянал-сацыяліст, але тады ён не інтэлігентны”.

Гэта мажліва казаць і пра час жыцьця Эрнста Нікіша. Ён нарадзіўся яшчэ за часамі Бісмарка ў 1889 г. у Сілезыі, у сям’і мэталіста. З адукацыі скончыў толькі настаўніцкую сэмінарыю. Але прабелы якаснае ўнівэрсытэцкае адукацыі былі замянёныя самастойнаю прапрацоўкаю Мак’явэлі, Канта, Гегеля, Маркса й Ніцшэ.

Эрнст Нікіш (па-нямецку Ernst Niekisch; 23 траўня 1889, Трэбніц - 27 траўня 1967, Заходні Бэрлін) - нямецкі палітык і ідэоляг нацыянал-бальшавізму, праціўнік гітлерызму.

Эрнст Нікіш (па-нямецку Ernst Niekisch; 23 траўня 1889, Трэбніц — 27 траўня 1967, Заходні Бэрлін) — нямецкі палітык і ідэоляг нацыянал-бальшавізму, праціўнік гітлерызму.

Па стану здароўя будучы нацыянал-бальшавік не пападае на фронт Вялікае вайны. Замест гэтага ён нясе службу ў лягеры ваеннапалонных расёйцаў.

Пасьля Лістападаўскае рэвалюцыі 1918 г. для Нікіша пачынаецца залаты час палітычнае дзейнасьці. Напачатку ён становіцца на чале рабочае рады ў сваім гарадку Аўгзбурзе, а затым і ва ўсяе Баварыі. Яго лёс спавіваецца ў адзіны клубок з абвешчанаю Баварскаю рэспублікаю, за што Нікіш апынаецца на два гады ў астрозе.

1920-я гг. для мысьляра й палітыка былі пэрыядам найбольш творчым. Разачараваны ў слабасьці й непасьлядоўнасьці сацыял-дэмакратаў, іх здрадаю дзяржаўным інтарэсам Нямеччыны, а таксама страшэнным прымітывізмам ды вульгарызмам нацыянал-сацыялізму, Нікіш становіцца па той бок правых ды левых. Мысьляр вырашае выпрацаваць ўласную палітычную дактрыну. У гэтым пляне на Нікіша ўзьдзейнічаюць Гегель і Мак’явэлі, Маркс і Ленін, Бісмарк і Шпэнглер.

У адзін з момантаў сваёй дзейнасьці ён далучаецца да палітычнага руху, які пасьлей назавуць кансэрватыўнаю рэвалюцыяй. Яго братамі па духу становяцца такія зоркі эўрапейскага мысьленьня як браты Эрнст ды Фрыдрых-Георг Юнгэры, юрыст ды палітоляг Карл Шміт, філёзаф Гуга Фішар, мастак Альфрэд Паўль Вэбар. Кожны зь іх быў непаўторным. Тое ж мажліва сказаць і пра Эрнста Нікіша. Кансэрватызм апанаваў ім сваёй інтэлектуальнасьцю, адказнасьцю, пасьлядоўнасьцю й высокароднасьцю. У яго абдымках Нікіш знаходзіць месца ўласнае творчасьці. Кансэрватыўны падмурак вечных каштоўнасьцяў, традыцыі, усяго таго народнага, што зьяўляецца крыніцаю нямецкага духу, Нікіш злучае з радыкалізмам, адданасьцю, авангардам ды антыкапіталізмам бальшавіцкіх мэтодаў. Так нараджаецца новая дактрына нацыянал-бальшавізму, дзе традыцыі, мэнтальнасьць, прусацкі дух немцаў паядноўваюцца з сацыяльнаю справядлівасьцю, антызаходніцтвам і антыспажывецтвам бальшавізму. Цяпер нацыянал-бальшавізм пачаў апаноўваць кансэрватыўна-рэвалюцыйныя колы.

Нікіш стварае суполку “Супраціў” з аднайменным часопісам, перад якой ставіць за мэту супрацьстаяньне ўсім антынямецкім сілам – вузкалобым расістам нацыянал-сацыялістам, буржуазным лібэрал-капіталістам ды іх сябрам сацыял-дэмакратам, інтэрнацыянальным камуністам. У Супраціве гартуюцца як інтэлектуалы, так і палітыкі, як правыя, так і левыя. Нягледзячы на элітарны характар суполкі, майстэрства вядзеньня палітыкі Нікішам дазваляе весьці ўплыў на прыняцьце рашэньняў у Нямеччыне. Нікіш – знаны палітык ды інтэлектуал, дарога якому адчынена ва ўсе дзьверы. Яго хочуць пераманіць на свой бок як камуністы й манархісты, так лібэралы ды нацысты.

Асаблівае месца ў праекце Нікіша грае геапалітычная пераарыентацыя Нямеччыны з захаду на ўсход, інтэграцыя з СССР. Для сваёй мэты ён нічога не саромеецца. У мэмуарах Нікіш узгадвае пра момант прыняцьця дамовы пра гандаль з СССР, калі ён падгаварыўшы аднаго з кіраўнікоў НСДАП правёў у іх фракцыі рашэньне падтрымаць яе. І факт заключэньня гэтае дамовы прыйшлося хаваць кіраўніцтву ад шэраговых нацыстаў.

Кан рэв 1Яшчэ адным фронтам дзейнасьці для Нікіша зьяўляўся ягоны бескампрамісны антыфашызм. У той час як розныя сілы ад лібэралаў да манархістаў і сацыял-дэмакратаў гандляваліся з нацыстамі ў рэйхстагу аб стварэньні кааліцыяў ці прыняцьці рашэньняў ды законаў, кансэрватар Эрнст Нікіш жорстка паставіў задачу барацьбы з Гітлерам. Ён размаўляў як з камуністамі, так і з прадстаўнікамі ваенізаванага Сталёвага шлему, з прадстаўнікамі царквы ды моладзевых арганізацыяў, з цэнтрыстамі ды групамі прамыслоўцаў. Адною галоўнаю мэтаю Нікіша тут зьяўлялася адна – супрацьстаяць Гітлеру, а маніфэстам антыфашызму сталася ягоная кніга “Гітлер – жудаснае наканаваньне Нямеччыны”. У ёй аўтар паказвае антынямецкі дух самога нацызму, ілюструе ягоныя паўднёвыя рымскія карані й бачыць лібэральную афарбоўку.

Часы прыйсьця да ўлады нацыстаў сталіся для Нікіша часам стварэньня падпольнае антыфашыстоўскае сеткі па ўсяе краіне. Ізноў закалёны нацыянал-бальшавік злучае вакол сябе зусім адрозныя колы. За адным сталом на паседжаньнях супраціву сядзяць прускія арыстакраты, камуністы, нацыяналісты, манархісты. Часопіс “Супраціў” выдаецца дольш за ўсе апазыцыйныя Гітлеру пэрыядычныя выданьні. Да 1937 г. працуе выдавецтва Нікіша.

НІКІШ 3Былыя заступнікі за дэмакратыю, сацыял-дэмакраты, камуністы ды лібэралы ці цэлымі групамі ўступаюць у НСДАП ці зьяжджаюць з краніы, пакідаючы свой народ сам на сам з Гітлерам. Нікіш адмовіўся ісьці гэтымі шляхамі. Ён застаўся з сваім народам, падзяліў ягоны лёс. Мысьляр ведаў што яму будзе за такую пазыцыю. Адзін зь нямецкіх анэкдотаў таго часу зь іроніяй ілюструе ўсю напружанасьць сытуацыі ў якой апынуўся Нікіш. Зіма. У трамваі на пляцы стаяць два хлопцы і, пасунуўшы рукі за пазуху, робяць там па чарзе якіясь дзіўныя рухі. Адзін пасажыр паказвае на іх іншаму:

- Паглядзі на тых двух! Чым яны займаюцца?

- А, я іх ведаю. Яны глуханямыя. Травяць палітычныя анэкдоты.

1937 г. для кансэрватыўнага рэвалюцыянэра Эрнста Нікіша стаўся вызначальным. Вобшукі гестапа, зьнішчэньне антыфашыстоўскага Супраціву, арышт, суд, канцлягеры… Вось на што згадзіўся нацыянал-бальшавік, застаўшыся ў краніе і адмовіўшыся ад эміграцыі.

Але нават у засьценках канлягероў Нікіш не здаецца. Ён і там стварае антыфашыстоўскі рух, які злучае аўстрыйскіх ды прускіх манархістаў, камуністаў, сацыял-дэмакратаў, нацыяналістаў. Напаў асьлеплы, Нікіш каардынуе дзейнасьць людзей у лягерох з актывістамі на волі. Ён зьвязаны з прускаю вайсковаю арыстакратыяй, якая рыхтуе замах на Гітлера.

Памятная дошка ў гонар Эрнста Нікіша ў Бэрліне

Памятная дошка ў гонар Эрнста Нікіша ў Бэрліне

1945 г. Эрнст Нікіш сустракае ў канцлягеры пад Бэрлінам. Набліжэньне фронту змушае ахову зьбегчы й пакінуць сам на сам з бамбаваньнем яго вязьняў. Асьлеплы ды зьнямоглы Нікіш, які да таго ж яшчэ ня можа хадзіць, арганізуе эвакуацыю вязьняў і прыпыняе паніку ды хаос.

Пасьля 1945 г. Нікіш застаецца ва ўсходнім Бэрліне і спрабуе ўліцца ў новаствораныя дзяржаўныя ворганы НДР. Ізноў ён пачынае новую старонку сваёй дзейнасьці з арыгінальнасьці, прапануючы перайменаваць НДР ва Ўсходнюю Прусыю і, такім чынам, парваць з усімі паўднёвымі раманскімі павевамі, панаваўшымі ў другім і трэцім райху. Але вузкалобыя й недалёкія колы сацыялістычнае партыі ня здольны мысьліць самастойна. Яны поўнасьцю выконваюць загады толькі з Масквы. Нездарма ў такой сытуацыі стараму антыфашысту й нацыянал-бальшавіку, не знаходзіцца месца ў абодвух Нямеччынах. Ён бязвынікова судзіцца з абодвума ўрадамі за выплату кампэнсацыі яго ўвязьненьня ў 1937-1945 гг. У гэты момант Нікіш прамаўляе самае выразнае выслоўе: “У Нямеччыне больш няма месца для немцаў. Трэба быць ці расейцам ці амэрыканцам”.

Стары нацыянал-бальшавік цяпер засяроджваецца на публіцыстычнае ды навуковае дзейнасьці. Пад яго пяром зьяўляюцца шматлікія працы па гістарыясофіі, сацыялёгіі ды паліталёгіі. Нікіш здымае маску з Маркса й СССР ды ілюструе падобны, але больш грубы шлях апошняга ў адрозьненьні ад ЗША.

Сацыялягічная праца “Клерк” разаблачае ўвесь мадэрн й грамадзтва спажываньня ў прыватнасьці. Нікіш ілюструе перш за ўсё небясьпеку антрапалягічнае дэградацыі. Нацыянал-бальшавік канстатуе, што Маркс зь яго вучэньнем пра пралетарыят, рэвалюцыю ды пабудову камунізму зрабіў вялікую памылку, засяродзіўшы акцэнт на матар’яльнае роўнасьці. Пралетар’ят аказалася вельмі лёгка падкупіць. І гэта было зьдзейсьнена капіталізмам у эпоху імпэрыялізму.

Значак фрайкарпскае арганізацыі Нікіша і Вэбэра "Абэрлянд"

Значак фрайкарпскае арганізацыі Нікіша і Вэбэра “Абэрлянд”

Цяпер пралетар’яту прапанавалі камфорт, высокі жыцьцёвы ўзровень, агульнадаступнасьць матар’яльных дабротаў, масавізацыю й дэградацыю культуры й мастацтва. І ён прымае такі сацыяльны кантракт. Цяпер ён ўжо не галодны рабочы, гатовы зьдзейсьніць клясавую рэвалюцыю, а пачышчаны й выгладжаны клерк, які атрымаў узровень папярэдніх чыноўнікаў. Новы клерк у адрозьненьні ад папярэдняга пралетара бачыць у камунізме ўжо ня мэту, а зло зь якім трэба весьці барацьбу.

Расейскі пераклад мэмуараў Эрнста Нікіша "Жыцьцё, на якое я адважыўся"

Расейскі пераклад мэмуараў Эрнста Нікіша “Жыцьцё, на якое я адважыўся”

Але хто такі клерк? Што за чалавек перад намі паўстае? Гэта істота, якая нівэлюе свае пачуцьці, адмаўляецца ад полавых асаблівасьцяў. Чалавек пераўтвараецца ў машыну, у якой не знаходзіцца месца тым якасьцям, якія адрозьніваюць чалавека ад тэхнікі. Цяпер людзі, падобныя на дэталі, штампуюцца на канвэеры капіталістычнага рынку. Так ствараюцца клеркі – біяматар’ял па абслугоўваньні эканомікі.

Новы тып чалавека – клерк – пачынае бачыць сваё прадвызначэньне толькі ў прымітыўнае максымізацыі камфорту й высокага жыцьцёвага ўзроўню. Ён татальна залежыць ад эканомікі. А існаваньне клерка становіцца настолькі манатонным, што ня мае аніякае здольнасьці выйсьці з такога гэданістычнага рытму. У такім грамадзтве няма месца ўсяму ўзвышанаму, велічнаму ці гэраічнаму. Тут пануе воля шэрых пасрэднасьцяў, канфармістаў. Нарматывізацыя й тыпізацыя, мэханізаванае падыйсьцё стандартызуюць клерка настолькі, што ён губляе ўсякую адказнасьць.

Нікіш замячае, што дабрадзейнасьць клеркаў заключаецца ў тым, каб ня мець аніякае ініцыятывы, якая б выходзіла б за межы гэданістычным мэтаў. Клерку прапануюцца варыянты кар’еры, выслугоўваньня “босу” мэнэджару для далейшага прадзьвіжэньня па матар’ялістычнае лесьвіцы максымізацыі выгоды й камфорту. Але ў яго не застаецца таго чалавечага, высакароднага й арыстакратычнага, што немажліва трымаць у гаманцах, класьці на банкаўскі рахунак ці здымаць з плястыкавае карткі.

Эрнст Нікіш бярэцца і за СССР. Ён сьцьвярджае, што савецкая мадэль ня менш клеркізаваная чымся заходняя. Толькі адзінае, што грамадзтва спажываньня, якое пачало будавацца пасьля сьмерці Сталіна, зьяўляецца больш грубым, прымітыўным. У ім адсутнічае такая элегантная мабільнасьць маркэтынгу заходняе сыстэмы. Пагэтуль Нікіш і прадбачыць яшчэ ў канцы 1950-х гг. разбурэньне ўсяе сацыялістычнае альтэрнатывы.

Зборнік палітычных твораў Эрнста Нікіша; расейскі пераклад

Зборнік палітычных твораў Эрнста Нікіша; расейскі пераклад

Што можа даць спадчына авангарднага антыфашыста й кансэрватыўнага рэавлюцыянэра Эрнста Нікіша сучаснае Беларусі? Чаму нам з вамі настойліва рэкамэндаваныя яго творы для чытаньня на дзень штодзённы? Адказ мажліва знайсьці ўжо ў главах яго палітычных твораў. “Імпэрыя безь ідэі”, “Нігілізм”, “Клерк як чалавек будучыні”, “Маса ў эпоху тэхнікі”, “Барацьба супольнасьці клеркаў за панаваньне над зямным шарам”… Працягваць мажліва далей і далей. Але асноўны сэнс сёньня бачыцца ў жорсткім супрацьстаяньні ідэяў Эрнста Нікіша тэхнакратызму ў любых яго праявах. Безыдэйнасьць, адсутнасьць каштоўнасьцяў ды прынцыпаў у палітыцы й эканоміцы, культуры й навуцы заўжды прыводзіць толькі да аднаго страшэннага выніку – нігілізму, упадку, духоваму разлажэньню й сьмерці цывілізацыі. І гэта больш страшэнна гучыць у часы татальнае глябалізацыі, калі моцныя гэтага сьвету маюць усе мажлівасьці перавярнуць човен разам з такімі краінамі як наша. У гэтым і заключаецца фашызм сучаснае эпохі.

Беларусь як тая паваенная Нямеччына сёньня знаходзіцца паміж молатам й кавадлам. З усходу й з захаду да нас езьдзяць эмісары рознага кшталту і прапануюць свае рэцэпты фашызацыі-клеркізацыі Беларусі. Клеркізацыю спрабуюць зьдзейсьніць і некаторыя колы знутры. Старая ж, выхаваная ў савецкае рэчаіснасьці вэртыкаль ня здольная ня проста зрабіць адказ, але й паставіць дыягназ, вызначыць небясьпеку, акрэсьліць рэцыдыў, бо фашызм клеркізацыі глябальны ды незваротны.

Пагэтуль Беларусь сёньня павінна задумацца, паглядзець сваімі вачыма на ўсе названыя пэрспэктывы й зьдзейсьніць усё, каб такога ня здарылася. Спадчына Эрнста Нікіша, як і астатніх кансэрватараў, у гэтым вельмі й вельмі спатрэбіцца…

Пётра Пятроўскі

Апублікавана ў Артыкулы, Кнігі, Навіны, Рознае з тэгамі , , , , , , . Спасылка на гэты запіс. Падпісацца на RSS-стужку, каб сачыць за камэнтарамі.

Дадаць каментар

(C) 2012-2013 Кансэрватыўны цэнтар NOMOS.

Рекомендуем заказать магистерскую работу