Сяргей Богдан Пагром Блізкага Ўсходу.

~bel-siria_33226_0x0_mcАктывізацыя сырыйскіх курдаў стала для некаторых прыхільнікаў беларускай нацыянал-лібэральнай плыні прычынай, каб сваім фірменным адметным чынам выказаць захапленьне курдзкімі змагарамі, шкадаваньне пра тое, што такі народ (у адрозьненьне ад няўдзячных беларусаў) і падзелены чатырма дзяржавамі (амаль усе якія цяпер нерукапаціскальныя) ды абурыцца “гістарычнай несправядлівасьцю”. Іх дыскурс аднак ня толькі спрашчае праблему да прымітывізму і поўнага адмаўленьня рэальнасьці. Паглядзеўшы на лёгіку некаторых з такіх аўтараў становіцца незразумела, а чаму ж ён пры гэтым крытыкуе Пуціна? Такім чынам колькі тэзаў з гэтай нагоды:

1. Трэба быць зусім адмарожаным курдзкім нацыяналістам, каб казаць пра 40-45 млн курдаў. Нават калі адкінуць ўсе адрозьненьні ўнутры ўмоўнай катэгорыі “курды”, дык і 30 мільёнаў не набярэцца. Рэалістычная лічба — каля 25 млн.

2. Але і гэтыя 25 млн могуць быць аб’яднаныя толькі ў галаве палітычна ангажаваных людзей. Якія маюць на тое нейкія прычыны, скажам, хочуць абгрунтаваць неабходнасьць пагрому блізкаўсходніх дзяржаў. У рэчаіснасьці падзелы ўнутры курдаў вельмі сур’ёзныя і катэгорыя “курды” — гранічна размытая і спрэчная. Бо на чым яна грунтуецца? Палітычнай супольнай гісторыі няма, рэлігійнай адметнасьці таксама (можна выкінуць езыдаў і абвесьціць курдаў суньніцкай нацыяй, але як іх тады адасабляць ад тых самых туркаў?), культуры і мовы розныя. Адрозьненьне толькі паміж двума асноўнымі варыянтамі курдзкай мовы, якія змаглі сфармаваць літаратурныя стандарты — курманджы і сарані — дазваляе іх без агаворак вылучаць у асобныя мовы. Я ўжо маўчу пра зазакі (які таксама пнецца стаць трэцяй літаратурнай курдзкай мовай) ды іншыя гаворкі.
Увогуле курды сталі вынікам разьвіцьця разнародных пераважна іранамоўных групаў качавога насельніцтва на ўскрайку Асманскай і Пэрсыдзкай імпэрыяў (таму і аказалася магчымым высунуць, падобна некаторым курдзкім радыкалом, прэтэнзіі на тое, што нават луры і блізкія ім бахціяры — таксама курды, толькі маўляў, “несьвядомыя”). То бок калі спатрэбілася ўключыць у палітычныя расклады гэтых пастухоў і разбойнікаў, старажытны панятак “курды” набыў новае жыцьцё і як бачым яго — пры патрэбе — можна выцягнуць аж на 40-45 мільёнаў.

3. Вядома, у такіх варункох казаць пра гістарычную справядлівасьць для “падзеленага” і “безьдзяржаўнага” народа складана. Па-першае, народ гэты — занадта рознамасьцевы. Па-другое, “падзелены” гэты народ у многім быў яшчэ да таго, як узьнікаюць падставы казаць пра яго існаваньне (асманска-пэрсыдзкая мяжа ў гэтым дачыненьні мала мянялася нейдзе з 17-га ст, ірацка-турэцкая мяжа збольшага падзяляе рознамоўныя курдзкія групы).

4. Такім чынам, калі нехта наракае на гістарычную несправядлівасьць для саракамільённага курдзкага народа, падзеленага межамі і пазбаўленага дзяржаўнасьці, то чым яго рыторыка адрозьніваецца ад рыторыкі Пуціна наконт вайны ў Данбасе? Пуціна таксама штучна вылучае сабе нейкую супольнасьць (“рускіх” у ягоным разуменьні), кажа пра штучнасьць савецкіх межаў і неабходнасьць узьяднаньня “рускіх”. Вы скажаце, маўляў, дык тыя рускія з Усходняй Украіны могуць у Расею зьехаць, а курдом жа няма куды! Ё — ужо колькі часу ёсьць пасьпяховая курдзкая дзяржава на Поўначы Іраку. Іншая справа, што яна — дзяржава толькі для мясцовых, а не ўвогуле “курдаў”. Вы скажаце, дык а ў Данбасе там шмат прыежджых, не ўкраінцаў (тое, што там таксама ё беларусы нашым нацлібэралом нецікава, але ладна, тут не пра тое), таму маўляў, данбасцом нельга дазваляць самавызначэньне, а курды, маўляў — яны аўтахтоны. Дык жа ж не. Курды ў многіх месцах жывуць на землях, дзе яшчэ гадоў сто таму жылі (часам побач з курдамі) іншыя народы — асырыйцы і армяне, найперш. Армянскі генацыд быў зроблены ў вельмі многім курдзкімі рукамі.

5. То бок нейкай маральнай ці лёгічнай пасьлядоўнасьці тут і блізка няма. Як можна прызнаваць Косава і не прызнаваць самаабвешчаныя дзяржавы на постсавецкіх абшарох? Як можна распавядаць пра падзелены “курдзкі народ” і бэсьціць “рускі сьвет”? Тут пасьлядоўнасьць іншая — цынічных палітычных інтарэсаў. Я — ня супраць, сьвет ён такі — брыдкі і непрыемны, выбар збольшага — паміж благім, кепскім і дрэнным. Але ня трэба казаць — праводзячы інтарэсы магутных гэтага сьвету — пра “несправядлівасьці” і мараль.
p.s. У чарговы раз папярэджваю, калі некаму яшчэ няясна з гэтага паста, што я не прызнаю ані Косава, ані Паўднёвай Асетыі, ані ДНР з ЛНРам. І гэтаксама не прызнаю ані “рускага сьвета” ад ВВП, ані “курдзкага адзінства” заморскай вытворчасьці. Не з маральных перакананьняў — мараль я пакідаю лібэралом. А таму што ўсё гэта фанцікі, перапэцканыя крывёй.

Апублікавана ў Артыкулы, Навіны, Палітыка, Рознае, Эканоміка і народная гаспадарка з тэгамі , , . Спасылка на гэты запіс. Падпісацца на RSS-стужку, каб сачыць за камэнтарамі.

(C) 2012-2013 Кансэрватыўны цэнтар NOMOS.

Рекомендуем заказать магистерскую работу