Радзівон Попель. Рэлігійны фактар у адносінах Рэчы Паспалітай і ўкраінскага казацтва.

0Hmelko_Naveki-1024x497Адным з найбольш актуальных і неадназначных элементаў узаемаадносін Рэчы Паспалітай і ўкраінскага казацтва з’яўляецца рэлігійны фактар. Гэта абумоўлена цэлым шэрагам прычын. Пачнем з таго, што рэлігійна-канфесійнае пытанне ў Еўропе Сярэднявечча і Ранняга Новага часу было крайне важным чыннікам як соцыяпалітычнага жыцця кожнай дзяржавы, так і міждзяржаўных адносін. Нездзіўляльна, што французскі гісторык Марк Блок назваў грамадства тых часоў “народам веруючых” [2, с. 53]. Тым больш гэта было значным для Рэчы Паспалітай – дзяржавы, дзе адбывалася складанае суіснаванне мноства канфесій. Актуальнасць даследаванне пытання рэлігійнага фактару ў адносінах Рэчы Паспалітай і казацтва набывае і з-за наймення цэлага шэрагу адрозных, часта дыяметральна супрацьлеглых поглядаў на яго ў гісторыяграфіі. Да таго ж ў сучаснасці гэтае пытанне нярэдка становіцца ці палітычна ангажаваным, ці набывае вычварныя формы ў папулярнай літаратуры, што накіравана на пошук “сенсацый” у “сапраўднай рэлігіі” казакоў.

У расійскай дарэвалюцыйнай і, у пэўнай ступені, савецкай гісторыяграфіі быў дастаткова распаўсюджаны падыход да казацтва як да адназначна праваслаўнай супольнасці, што выступала адной з галоўных абапораў праваслаўя ў супрацьстаянні наступленню каталіцызму і уніі. У гэтых умовах паўстанні казакоў супраць Рэчы Паспалітай маглі разумецца ў тым ліку як рэлігійныя войны. Такі падыход прадстаўлялі ў той ці іншай ступені Д. Яварніцкі, М. Пятроўскі, У. Галубуцкі [35, с. 34; 24, с. 42; 6, с. 137], у сучаснай расійскай гісторыяграфіі яго часткова падзяляе М. Дзмітрыяў [10, с. 21]. У польскай гісторыяграфіі звычайна ўвага надавалася ў большай ступені сацыяльна-палітычным складаючым узаемаадносін казацтва і Рэчы Паспалітай, а не рэлігійным чыннікам, што адчуваецца ў творах У. Грабеньскага, К. Хадыніцкага [8, с. 576; 39, s. 254]. Гэты ж падыход скарыстаны ў агульным і ў “Гісторыі Польшчы” А. Дыбкоўскай, М. Жарын, Я. Жарына [11, с. 122-123]. Рэзка адмоўнае стаўленне да гістарычнага патэнцыялу казацтва прэзентаваў украінскі гісторык П. Куліш, які лічыў казакоў “разбойнікамі”, а іх дзейнасць па сваёй сутнасці — антыдзяржаўнай і антырэлігійнай [18, с. 137]. Тым не менш, з’яўляецца ўсё больш прац, дзе выкарыстоўваецца комплексны падыход у адносінах да аналізу рэлігійнага фактару ў адносінах да Рэчы Паспалітай і казацтва, які ўлічвае розныя чыннікі гэтых узаемаадносін. У якасці прыкладаў можна прывесці працы С. Плохія, Н. Якавенкі, Л. Цімашэнкі, У. Серчыка [28; 37; 43].

Украінскае казацтва першапачаткова складалася на прасторах Дзікага Поля з разнародных дэкласаваных элементаў, што былі вельмі стракатымі і ў этнічным, і ў рэлігійна-канфесійным адносінах. У сацыяльным сэнсе гэта былі, у першую чаргу, сяляне-уцекачы, прадстаўнікі дробнай казакуючай шляхты, крымінальныя элементы, выхадцы з суседніх цюркскіх ханстваў і іншыя людзі, што шукалі “лепшай долі”. Па этнічнаму паходжанню гэта былі, у большасці сваёй, славяне-русіны (праваслаўныя), таксама на першых этапах, па ўсёй бачнасці, было нямала татараў і прадстаўнікоў іншых цюркскіх народаў (мусульмане), а таксама пэўная колькасць выхадцаў з Малдовы і Валахіі (праваслаўныя), Польшчы і нават Германіі (католікі). Тое, што сярод казацтва “першага часу” было нямала мусульман, сведчыць і той факт, што яшчэ ў пачатку Інфлянцкай вайны ў справаводстве Рэчы Паспалітай пад тэрмінам “казакі” маглі разумецца, у тым ліку, і татарскія атрады. Так, каралеўскай граматай ад 5 верасня 1561 г. па пагадненню з крымскім ханам Дэўлетам І Гірэем (1551 – 1577) абвяшчалася стварэнне атрада з 24 татарскіх казакоў для ваенных дзеянняў супраць Масквы [27, с. 157]. Тут добра бачна яшчэ найменне неадназначнасці самаго тэрміну “казак”, які ў далейшым канчаткова замацуецца ў асноўным за праваслаўным казацтвам. Асаблівую ролю цюркскіх народаў у генезе казакоў падкрэслівалі і некаторыя даследчыкі (у асноўным прыхільнікі так званай “усходняй гіпотэзы” ўтварэння казацтва) – Л. Гумілёў, зараз – С. Карпаў і В. Шамбараў [9, с. 48]. Аднак відавочна, што асноўную частку казацтва складалі русіны, што былі выхадцамі з суседніх тэрыторый Украіны (у меншай ступені – Беларусі) і з’яўляліся праваслаўнымі.

Менавіта пераважны ўкраінскі праваслаўны кампанент у складзе казацтва прыводзіў да фактычнай яго асіміляцыі, што вызначала рэлігію, мову і іншыя элементы культуры казакоў. Дастаткова хутка казацтва стала праваслаўнай супольнасцю. Не супярэчыць гэтаму і перайманне казакамі некаторых усходніх рысаў культуры (так, адным з вайсковых кляйнодаў, што перадаў у 1578 г. казакам кароль Стэфан Баторый, быў характэрны для стэпавых народаў бунчук). Трапнае адзначэнне казакоў у гэтым сэнсе зрабіла Н. Якавенка: “рыцары хрысціянства ў мусульманскім увабранні” [36, с. 122]. Гэта лёгка тлумачыцца знаходжаннем казацкай Сечы на “вялікім кародоне Еўропы” (па выказванню С.Ляп’яўкі) [19, с. 26] – геапалітычным бар’еры паміж хрысціянскім Захадам і мусульманскім Усходам, якім з’яўляласе Дзікае Поле. Такім чынам, у другой палове XVI ст., калі пачынаюцца актыўныя стасункі паміж казакамі і Рэччу Паспалітай, казацтва ўяўляла сабой у асноўным праваслаўную масу. І тым больш беспадстаўнымі і гістарычна непраўдзівымі з’яўляюцца домыслы пра наяўнасць у казакоў некай агульнай з мусульманамі “протарэлігіі” ці пра існаванне на Сечы казацкага паганскага “ордэна” (так зв. “характэрнікі”), што можна знайсці ў масавай папулярнай літаратуры [15; 20].

Такім чынам, казацтва, што фарміравалася з разнародных этнічных і рэлігійна-канфесійных элементаў, дастаткова хутка ўжо амаль цалкам з’яўлялася праваслаўным. Пры гэтым, канешне, трэба сказаць пра асаблівасці рэлігійнасці казакоў. Казакі тых часоў былі выхадцамі з рэлігійнага грамадства і, адпаведна, самі, як правіла, былі рэлігійнымі. Але трэба ўлічыць, што казацтва першапачаткова складалася з розных маргінальных, дэкласаваных элементаў, да таго ж, яно фактычна не падпарадкоўвалася ўладзе ніякай адміністрацыі – ні свецкай, ні царкоўнай. Як следства, вера казакоў часта была напоўнена рознымі прымхамі і забабонамі. Нярэдка сустракаліся на Сечы, па ўсёй бачнасці, і розныя ведзьмакі і “чараўнікі” – так званыя “характэрнікі” ці “замарочнікі” (укр. характерник, заморочник). Аднак гэта, у прынцыпе, ніяк не супярэчыць таму факту, што казацтва складалася менавіта як праваслаўная супольнасць. Найменне вялікай колькасці прымхаў сведчыць пра існаванне на Сечы так званага “народнага хрысціянства” ці “вульгарнага хрысціянства”, якое трэба кардынальна адрозніваць ад паганства. І гэта нездзіўляльна: ад “стэпавых валацуг” наўрад ці трэба было чакаць глыбокага разумення і чысціні артадаксальнага хрысціянства.

З цягам часу на Сечы пачалася складацца свая царкоўная структура. Як, у прыватнасці, паказвае ў сваіх працах А. Калодны, яна складалася вельмі паступова [17, с. 187]. Першая царква на Запарожскай Сечы была пабудавана каля 1576 г., гэта была драўляная трохкупальная царква Пакровы Найсвятой Багародзіцы. У царкве захоўваліся казацкія кляйноды, пры ёй дзейнічала прыхадская школа [35, с. 125]. Зазначым, што за першыя 240 гадоў пасля заснавання Сечы на ёй было пабудавана толькі толькі 5 цэркваў, прычым у ХVІ ст. толькі адна прыгаданая намі. Такая паступовасць можа тлумачыцца некалькімі прычынамі: казакі вялі вельмі рухомы вобраз жыцця і знаходзіліся ў пастаянных паходах; казакі маглі карыстацца цэрквамі, якія ўжо існавалі ў суседніх украінскіх сёлах, гарадах і манастырах; да таго ж казакі, па ўсёй бачнасці, доўга не мелі ні сапраўднай унутранай патрэбы, ні дастаткова развітай адміністрацыі і інфраструктуры для заснавання цэркваў [35, с. 127]. Тым не менш, невялікая праваслаўная царкоўная структура складалася, старшына вылучала сродкі на ўтрыманне цэркваў і святароў. Самі святары былі фактычна незалежнымі ад знешняй царкоўнай адміністрацыі, хоць казакі і прасілі Кіеўскага мітрапаліта дазволу на прызначэнне іх на Сеч. Пачалі з’яўляцца і мясцовыя манастыры. Першым з іх быў вядомы з 1570-х гг. Самарскі Пустынна-Мікалаеўскі манастыр. Сваім казакі лічылі і Крыжаўздвіжанскі (у 1628 г. пераіменаваны як Успенскі) манастыр у Трахтаміраве, дзе згодна з урадавым загадам знаходзіўся казацкі шпіталь [35, с. 128].

Практычна ўсю другую палову ХVІ ст. мы амаль не бачым актыўнага ўздзеяння рэлігійнага пытання на адносіны Рэчы Паспалітай і ўкраінскага казацтва. Праўда, ускоснае ўздзеянне, па ўсёй бачнасці, усё ж было. Рэч Паспалітая імкнулася скарыстаць казацтва як заслон, што павінен быў абараніць паўднёвыя межы дзяржавы ад пастаянных нападаў крымскіх татараў, да таго ж з 1570-х гг. становіцца ўсё больш частым найм казакоў на дзяржаўную службу і стварэнне казацкіх рэестраў. Заўважым, што ўлады Польшчы і ВКЛ самі ў пэўнай ступені садзейнічалі складанню казацтва, бо яшчэ з ХV ст. заахвочвалі перасяленне дробнай шляхты і сялян на Дзікае Поле для яго абароны ад татараў [37, с. 276]. Гістарычна менавіта Крымскае ханства было адным з галоўных ворагаў казацтва, пастаянныя паходы казакоў супраць якога часта значна ўскладнялі адносіны Рэчы Паспалітай як з Крымам, так і з яго сюзерэнам – Асманскай імперыяй. Супрацьстаянне мусульманам магло паўплываць на кансалідацыю казацтва як хрысціянскай супольнасці, што ў гэтым сэнсе было карысным уладам Рэчы Паспалітай.

Не знойдзена фактычна ніякіх звестак пра ўплыў рэлігійнага пытання на адносіны паміж Рэччу Паспалітай і казацтвам да 1590-х гг. Няма практычна ніякіх сведчанняў пра гэта ў справаводстве Рэчы Паспалітай і ўрадавай перапісцы з казакамі. Няма сведчанняў і пра негатыўнае стаўленне казакоў у той час да католікаў і каталіцызму. Немагчыма знайсці рэлігійнай падаплёкі і ў першым буйным казацкім паўстанні на чале з Крыштафам Касінскім 1591 – 1593 гг. – яно мела хутчэй сацыяльна-палітычныя прычыны, а пачалося наогул з пабытовага канфлікту за валоданне маёнткам паміж Касінскім і князямі Астрожскімі (дарэчы, будучымі абаронцамі праваслаўя і праціўнікамі уніі!). Першыя, хоць і не вельмі пэўныя, звесткі пра ўздзеянне рэлігійнага фактару можна паспрабаваць знайсці ў падзеях паўстання Севярына Налівайкі і Мацвея Шаўлы 1594 – 1596 гг. Напомнім, што ў гэты час ішла актыўная падрыхтоўка да заключэння уніі паміж каталіцкім касцёлам і праваслаўнай царквой, якая і была зацверджана на Брэсцкім саборы ў кастрычніку 1596 г. Існуе версія пра тое, што адзін з найбольш магутных праваслаўных антыуніяцкіх магнатаў князь Канстанцін Васіль Астрожскі (1526-1608) таемна даваў згоду на рабаўніцтва паўстанцкімі загонамі Налівайкі маёнткаў каталіцкай і ўніяцкай шляхты (Налівайка раней служыў у кліянтэле Астрожскага), вядома таксама, што Астрожскі пагражаў натравіць на сваіх ворагаў атрады казакоў [36, с. 185]. Гэта версія не з’яўляецца цалкам падцверджанай, але калі яна адпавядае рэчаіснасці, то ў названых падзеях мы можам знайсці першыя сведчанні выступлення казакоў у абарону праваслаўных ад распаўсюджвання каталіцызму і ўніі.

Брэсцкая царкоўная унія 1596 г. стала значнай падзеяй у гісторыі Рэчы Паспалітай, у тым ліку, і яе ўкраінскіх валоданняў. Кіеўская мітраполія і большая частка праваслаўных іерархаў са сваімі епархіямі перайшлі ў унію, стварыўшы гэтым новую грэка-каталіцкую царкву, што захоўвала ўсходні абрад набажэнства, але падпарадкоўвалася Папе Рымскаму. Тым не менш, епіскап Львоўскі Гедэон (Балабан), епіскап Перамышльскі Міхаіл (Капысценскі), шэраг манастыроў і вялікая колькасць вернікаў заставаліся праваслаўнымі. Прычым, сама праваслаўная царква была нізведзена фактычна на нелегальнае становішча. Унія выклікала доўгатэрміновае супрацьстаянне на землях Украіны і Беларусі, якое мела як дыскусійныя формы, так і вылівалася ў сутычкі паміж групамі вернікаў. Гэтае супрацьстаянне выклікала і з’яўленне двух хваляў палемічнай літаратуры, цудоўныя прыклады якой мы маем, як з боку праваслаўных, так і з боку католікаў і ўніятаў. Ва ўмовах моцнага аслаблення і дэцэнтралізацыі праваслаўнай царкоўнай структуры вялізную ролю ў захаванні праваслаўя адыгрывалі царкоўныя брацтвы – легальныя аб’яднанні вернікаў. На Украіне паступова з’явіліся Кіеўскае Багаяўленскае, Львовскае Успенскае, Луцкае Хрыста-Уздвіжанскае, Леткаўскае, Срабнянскае, Цярнопальскае і інш. брацтвы [33, с. 56].

Магло б здавацца, што ва ўмовах, калі сацыяльна-рэлігійнае жыццё на Украіне бурліла, казацтва павінна было б апынуцца ў цэнтры гэтых падзей і выступіць у абарону праваслаўя. Аднак гэтага не адбывалася, ва ўсялякім выпадку, адразу пасля заключэння уніі. Брэсцкая царкоўная унія (а дакладней – яе наступствы) сапраўды адыграла значную ролю ў гісторыі казацтва, але трэба заўважыць, што спачатку заключэнне уніі было сустрэта казакамі абсалютна абыякава. Галоўнымі прычынамі гэтага, акрамя агульнай неўцягнутасці казацтва ў грамадска-канфесійныя справы, быў актыўны ўдзел як рэестравых, так і запарожскіх казакоў у войнах, што вяла Рэч Паспалітая ў пачатку ХVІІ ст. Рэестр быў пашыраны, і казакі з ахвотай удзельнічалі ў вайсковых акцыях. Тысячы з іх змагаліся ў бітвах вайны са Швецыяй (1600 – 1611). Але яшчэ большы інтарэс для нас уяўляе удзел дзесяткаў тысяч казакоў у войнах супраць Маскоўскага царства [36, с.186]. Мноства з іх удзельнічалі ў паходах на Маскву Ілжэдзмітрыя І, Ілжэдзмітрыя ІІ і іншых самазванцаў, а таксама непасрэдна ў войнах Рэчы Паспалітай з Маскоўскім царствам 1609 – 1618 і 1632 – 1634 гг. Гэта тым большт важна, таму што ў адрозненне ад пратэстанцкай Швецыі і мусульманскіх Крыма і Порты, Маскоўская дзяржава з’яўлялася праваслаўнай краінай. Болей за гэта, менавіта масавым удзелам казакоў у войнах супраць Масквы можна патлумачыць дастатковы спакой у адносінах Рэчы Паспалітай і казацтва ў першай трэці ХVІІ ст., калі не адбывалася значных казацкіх паўстанняў. Такім чынам, праваслаўнае па веравызнанню казацтва ні ў канцы ХVІ, ні ў пачатку ХVІІ стст. не выступала яшчэ ў якасці значнай абапоры праваслаўнай царквы і яе вернікаў у іх барацьбе за свае месца ў сацыяльна-канфесійнай структуры Рэчы Паспалітай.

Тым не менш, такое становішча рэчаў паступова пачало змяняцца. Гэта адбывалася таму, што і казацтву, і праваслаўнай царкве з яе прыхільнікамі было карысна на гэтым гістарычным этапе разам выступіць супраць каталіцкага ўраду і феадалаў. Праваслаўная царква аб’ектыўна была супрацьпастаўлена каталіцкаму ўраду і касцёлу, бо яны не прызнавалі яе афіцыйнае становішча. Казакі ж мелі пастаянныя канфлікты з урадам і феадаламі з-за таго, што апошнія не жадалі прызнаваць казацтва ў якасці прывілеяванага сацыяльнага стану Рэспублікі Абодвух Народаў. У мірны час рэестр пастаянна памяншаўся, і казакам ужо пагражала не толькі застацца дэкласаванай масай, але і ператварыцца ў залежных сялян. У гэтых умовах казацтву было цалкам лагічна “успомніць” сваю прыналежнасць да праваслаўя і выступіць у абарону праваслаўнай царквы. У выніку, у пачатку ХVІІ ст. складаюцца спрыяльныя ўмовы для аб’яднання сумесных высілкаў праваслаўнай царквы і казацтва для абароны сваіх правоў у Рэчы Паспалітай.

Адным з першых вядомых нам выпадкаў умяшальніцтва казацтва ў канфесійную барацьбу ва Украіне сталі трагічныя падзеі ў Кіеве. У 1609 г. у праваслаўны мітрапалічы Сафійскі манастыр у Кіеве быў прызначаны ўніяцкі намеснік Антоній Граковіч. Гэта сустрэла моцнае супраціўленне праваслаўнага духавенства, якое ўпершыню падтрымалі казакі, гетман якіх Рыгор Тыскіневіч папярэдзіў кіеўскага падваяводу , што калі Граковіч прыедзе ў манастыр, то яго заб’юць “яко пса” [36, с. 148]. Рэалізаваць сваю пагрозу казакі ў той раз не здолелі. Супрацьстаянне вакол Сафійскага манастыра працягнулася да лютага 1618 г., калі казакі ўсё ж злавілі Граковіча і ўтапілі яго ў Дняпры (“пад лёд падсадзілі вады піць”) [36, с. 148].

Па-сапраўднаму адчувальным становіцца ўплыў рэлігійнага фактара на дзеянне казакоў бліжэй да 1620-х гг. У гэты час адбываецца пэўная кансалідацыя праваслаўнай эліты такіх буйных рэлігійна-асветніцкіх цэнтраў, як Кіева-Пячэрскі манастыр (з 1603 г. афіцыйна не падлягаў уладзе ўніяцкага мітрапаліта), Астрожская акадэмія, Львоўскае Успенскае брацтва, а таксама заснаванае ў 1616 г. Кіеўскае Багаяўленскае брацтва. Гуртаванню гэтых сіл садзейнічалі праваслаўныя шляхта, магнаты і інтэлектуалы, такія, як князь Канстанцін Васіль Астрожскі, яго сын Аляксакндр, выхаванец Астрожскай акадэміі архімандрыт Кіева-Пячэрскага манастыра Елісей Плецянецкі, яго наступнік Захарый Капысценскі, апякун Трахтаміраўскага манастыра князь Езекііль Буліга-Курцэвіч. Прадстаўнікі праваслаўнай эліты добра разумелі карыснасць падтрымкі іх справы з боку казацтва – вялізнай узброенай сілы, што ўключала дзесяткі тысяч ваяроў і была самай вялікай вайсковай сілай у Рэчы Паспалітай, дзе ва ўмовах “шляхецкай дэмакратыі” заўсёды былі праблемы з камплектацыяй уласнай арміі. Разумела неабходнасць гуртавання з праваслаўнымі сіламі і казацкая старшына. Адметнай постаццю ў гэтым сэнсе з’яўляецца Пётр Канановіч-Сагайдачны (1570 – 1622), які неаднаразова займаў пасаду казацкага гетмана ў перыяд з 1598 да 1622 гг. Таленавіты ваеначальнік і разумны палітычны дзеяч, ён здолеў усталяваць дастаткова стабільныя адносіны з урадам Рэчы Паспалітай, вынікам чаго стаў яго паспяховы ўдзел у вайне з Масквой у 1618 г. і знакамітая перамога пад Хоцінам 1621 г. у час вайны з Асманскай імперыяй. Разам з тым, Сагайдачны не баяўся дэманстраваць уладам сілу, якую набыло ў той час казацтва. Так, у 1620 г. ён пагражаў з усім сваім войскам адыйсці да Масквы (чаго не адбылося). Пасля заснавання ў 1616 г. Кіеўскага Багаяўленскага брацтва П. Сагайдачны заявіў, што ўваходзіць у яго склад, прычым, разам з усім сваім войскам [33, с. 76]. Як зазначае Н. Якавенка, у асобе Сагайдачнага казацтва ўпершыню адкрыта і гучна заявіла пра сябе як пра абаронца правоў праваслаўных у Рэчы Паспалітай. Так дастаткова нечакана для шырокай грамадскасці “рыцары стэпу”, пра якіх яшчэ нядаўна пісалі, што яны “веры ніякай”, метамарфіравалі ў грозную сілу, што стаяла ў абароне праваслаўя [36, с. 183].

У сакавіку 1620 г. у Кіеў прыбыў Патрыярх Ерусалімскі Феафан ІІІ (1608 – 1644), які здзяйсняў візіты ў Маскоўскае царства і Рэч Паспалітую. Патрыярх быў урачыста сустрэты праваслаўнай шляхтай, братчыкамі і казакамі і пасяліўся ў Кіева-Пячэрскім манастыры. У канцы лета 1620 г. праваслаўная шляхта, мяшчане і казакі на з’ездзе ў Кіева-Пячэрскім манастыры заклікалі Феафана ІІІ хіратанісаваць праваслаўных іерархаў і аднавіць тым Кіеўскую мітраполію. Пасля доўгіх ваганняў Феафан ІІІ згадзіўся на гэта і ў кастрычніку 1620 г. уначы таемна у Брацкай царкве на Падоле хіратанісаваў ігумена Міхайлаўскага манастыра Іова (Барэцкага) на мітрапаліта Кіеўскага (1620 – 1631), Мялеція (Сматрыцкага) на архіепіскапа Полацкага, Ісаю (Капінскага) на епіскапа Перамышльскага. Нягледзячы на таемнасць пасвячэння і адсутнасць прызнання з боку ўладаў новай праваслаўнай іерархіі, урад дастаткова лаяльна паставіўся да фактычнага аднаўлення праваслаўнай царквы з-за спадзявання на тое, што гэта дапаможа грамадскаму замірэнню на землях Украіны. Яскрава пра гэта сведчыць і перапіска Феафана ІІІ з каралём Жыгімонтам ІІІ Вазам, што прадстаўлена ў Кіеўскім летапісу [16, с. 115]. Новы мітрпапаліт Іоў, адчуваючы за сабою шаблі праваслаўнай шляхты і казакоў, амаль не выязджаў з Кіева. Больш за гэта, у 1621 г. ён зацвярджае “Пратэстацыю”, дзе абвінавачвае караля і ўрад у папранні правоў Русі, а ўніятаў у тым, што яны “парушаюць святы спакой, руйнуюць даўнюю любоў і згоду між палякамі і Руссю”. Пры гэтым, Іоў падкрэслівае, што праваслаўныя ў гэтай спрэчцы абапіраюцца на “Божыя законы і звычаі, а яшчэ і шасцісотгадовую традыцыю” [вылучана аўтарам] [36, с. 157]. Такія дзеянні праваслаўных, канешне, не знаходзілі паразумення ў уніятаў. Так, грэка-каталіцкі мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсёй Русі Іосіф (Руцкі) (1613 – 1637) назваў казакоў людзьмі “без рэлігіі” [34].

Пра тое, якое значэнне набыло казацтва для сацыяльна-палітычнага і канфесійнага жыцця Рэчы Паспалітай, сведчаць і дакументы Рымскай курыі. Так, у інструкцыі папскаму нунцыю ў Рэчы Паспалітай Ланчалоці ад 14 снежня 1622 г. падкрэсліваецца, што сярод русінаў шмат праваслаўных, “якіх мноства на Русі і ў правінцыях, што мяжуюць з Турцыяй” і “справа з імі вельмі важная, цяжкая і небяспечная”. Таксама “многа шуму было з-за гэтага на кожным сейме, асабліва ў той час, калі епіскап ці патрыярх ерусалімскі, накіраваны канстанцінопальскім патрыярхам у Масковію і на Русь, знаходзіўся ў русінаў, пасвяціў столькіх епіскапаў, колькі яму падвярнулася пад руку, і ўзбудзіў казакоў, якія ў той час патрэбны былі палякам супраць Турцыі, каб яны на сейме дабіваліся задавальнення сваіх папярэдніх патрабаванняў” [13, с. 387-388]. Сустракаем мы значныя звесткі пра казакоў у данясенні нунцыя Торэса 1622 г. У дакуменце падкрэсліваецца, што супраць праваслаўных нельга выкарыстаць “болей строгія меры, таму што, акрамя гарантаванай каралём пад прысягый свабоды сумлення, перашкодай з’яўляецца казацтва [вылучана аўтарам] – народ ваяўнічы і смелы, які стаіць на варце веры часам з просьбай на вуснах, часам з пагрозай, а заўсёды са зброяй [у] руках” [12, с. 390-391]. Тут жа сцвярджаецца рэальнасць казацкай пагрозы, бо казакоў налічваецца 60 000, а іх спосаб вядзення вайны мае наступны характар: ”яны хутка збіраюцца і рассейваюцца, з тым каб паліць, рабаваць і рэзаць жыхароў, чым на працягу некалькі гадзін яны наносяць вялікую шкоду…”.

Сапраўды, падчас канфесійнага супрацьстаяння нярэдка выкарыстоўваліся і гвалтоўныя метады – як з боку католікаў і ўніятаў (асабліва ў часы мітрапаліта Іпація Пацея – 1599 – 1613), так і з боку праваслаўных. Мы ўжо гаварылі пра расправу казакоў над А. Граковічам. А ў студзені 1625 г. казакі адрубілі галовы ўніяцкаму святару Івану Юзэфовічу і войту Фёдару Хадыку [36, с. 155].

Пасля смерці ў 1632 г. караля Жыгімонта ІІІ на канвакацыйны і элекцыйны сеймы ўпершыню ў гісторыі прыбыла дэлегацыя казакоў, што прывезлі з сабою лісты з патрабаваннямі саступак з боку ўладаў. Казацкія патрабаванні ў гэтых лістах можна звесці да двух галоўных пунктаў. Па-першае, яны патрабавалі дазволіць казакам удзельнічаць у выбарах караля, што значыла б фактычнае прыраўненне казакоў да шляхты (“рыцараў”). Гэта дастаткова добра паказвае накірунак памкненняў казацтва таго часу. Па-другое, казакі патрабавалі легалізаваць праваслаўную царкву і вярнць ёй яе маёмасць [25; 26; 7, с. 406]. Аднак адказ сеймавых дэпутатаў быў жорсткім: “Казакі, хоць і складаюць частку польскай дзяржавы, але такую, як валасы і пазногці на целе чалавека. Калі валасы і пазногці залішне адрастаюць, іх стрыгуць”, таму “аднаму толькі шляхецкаму стану належыць права выбіраць караля; што ж у адносінах да грэцкай рэлігіі, то паны сенатары здолеюць знайсці правільныя сродкі, што вядуць да супакаення непаразуменняў” [5, с. 125].

Тым не менш, уступленне на трон Рэчы Паспалітай Уладзіслава ІV Вазы (1632-1648) прынесла з сабой пэўныя саступкі праваслаўным. Новы кароль дзейнічаў у рэчышчы палітыкі грамадска-канфесійнага замірэння, якое было так неабходна краіне. У 1633 г. кароль паабяцаў роўныя правы падданым праваслаўнага і пратэстанскага веравызнанняў і выдаў “Артыкулы для заспакаення рускага народа” [44, с. 178], якія зацвердзіў сейм. Праваслаўная царква, згодна з гэтым актам, была легалізавана на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, ёй была вернута частка маёмасці, хоць месцаў ў сенаце праваслаўныя так і не атрымалі (як, уласна, і ўніяты). Вялікую ролю ў аднаўленні праваслаўнай царкоўнай структуры ў гэты час адыграў зацверджаны ў 1632 г. каралём мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсёй Русі, экзарх Канстанцінопальскага трона Пётр (Магіла) (1632 – 1647). Выдатны царкоўны дзеяч і багаслоў Пётр Магіла садзейнічаў стабілізацыі адносін праваслаўнай царквы з урадам, што праявілася, у прыватнасці, у падтрымцы мітрапалітам вайны з Маскоўскім царствам 1632 – 1634 гг., у якой удзельнічалі і казакі. Аднак пасля стабілізацыі адносін з урадам мітрапаліт быў незацікаўлены больш у былой ступені ў залішняй падтрымцы казакоў, што магло зноў пагоршыць адносіны царквы і ўладаў. Вядома, што Пётр Магіла асуджаў казацкія паўстанні, а саміх казакоў называў “рэбелізантамі” – тобок залішне апантанымі ў веры, і нават адступнікамі [34].

У сувязі са сказаным вышэй, узнікае пытанне пра тое, наколькі казакі сапраўды паўплывалі на афіцыйнае прызнанне легальнасці праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай (дэ-факта ў 1620 і дэ-юрэ ў 1633). З аднаго боку, як мы ўжо зазаначалі і што прасочваецца ў крыніцах, казакі ў той час сапраўды ўспрымаліся як значная сіла на абароне праваслаўя. З іншага боку, шэраг даследчыкаў – украінскія гісторыкі Н. Якавенка, Л. Цімашэнка, польскія навукоўцы Т. Кемпа, Р. Раманьскі – у сваіх працах паказваюць, што казацтва ў барацьбе за правы праваслаўных адыгрывала дапаўняльную ролю, а асноўнае значэнне ў гэтай барацьбе мела праваслаўныя шляхта і духавенства [32; 40, s. 267; 41, s. 114]. Як указваюць дадзеныя даследчыкі, нягледзячы на распаўсюджванне каталіцызма, на сярэдзіну ХVІІ ст. каля 90 % украінскай эліты (у першую чаргу, канешне, шляхты) па-ранейшаму заставалася праваслаўнай. Гэта можна патлумачыць і тым, што ва ўмовах развіцця ў Рэчы Паспалітай “шляхецкай дэмакратыі” шляхта кансалідавалася ўсё больш не вакол веравызнання, а вакол сваёй прыналежнасці да высокароднага стану. Больш за гэта, у шматлікіх спрэчках на ўкраінскіх сейміках перавагу ўсё часцей атрымлівала праваслаўная шляхта над шляхтай каталіцкай і ўніяцкай [32].

Асцярожнасць, з якой Пётр Магіла ставіўся да казакоў, можна зразумець. У 20 – 30-х гг. ХVІІ ст. ва Украіне зноў адбываўся шэраг казацка-сялянскіх паўстанняў: у 1625 – 1630 гг. ішлі паўстанні М. Жмайлы і Т. Федаровіча, у 1635 -1638 гг. казакі паўставалі пад началам І. Сулімы, Паўлюка, Я. Астраніна. Гэтыя ўзброеныя выступленні былі выкліканы цэлым шэрагам сацыяльна-палітычных і культурных супярэчнасцяў, немалую ролю тут адыграла і тое, што Рэч Паспалітая так і не здолела выпрацаваць эфектыўную палітыку ў адносінах да казацтва. Гучалі пры гэтым і рэлігійныя лозунгі. Так, падчас паўстання 1637 г. яго правадыр Паўлюк (Карп Гуздан) заклікаў выступаць супраць праціўнікаў “народа рускага хрысціянскага і старажытнай грэцкай веры”. А падчас наступнага паўстання запарожскі гетман Якаў Астранін звярнуўся да народа з універсалам, дзе сцвярджаў, што ідзе “з войскам на Украіну для вызвалення праваслаўнага народа ад ярма прыгнёту і гвалту тыранскага ляхаўскога”, пра што паведамляе “Летапіс Вялічкі” [4, с. 189]. У працах шэрагу даследчыкаў, напрыклад, сучаснага расійскага гісторыка М. Дзмітрыява, казацкія паўстанні класіфікуюцца як рэлігійныя войны [10, с. 30]. Амерыканскі даследчык украінскага паходжання С. Плохій у сваёй рабоце “Налівайкава вера: Казакі і рэлігія ў раннемадэрнай Украіне” вылучае два тыпы рэлігійных войн украінскага казацтва: войны супраць католікаў (палякаў) і войны супраць яўрэяў [28, с. 237]. Тым не менш, нам здаецца больш ураўнаважаным падыход, калі казацкія паўстанні тлумачацца цэлым комплексам сацыяльна-палітычных, эканамічных, рэлігійна-культурных прычын. У той жа час, у эпоху, калі рэлігія адыгрывала крайне важную ролю ў жыцці грамадства, амаль кожны сацыяльны (у тым ліку, узброены) канфлікт праходзіў пад рэлігійнымі лозунгамі, што і падкрэсліваюць, у прыватнасці, А. Апановіч і Л. Цімашэнка [1, с. 157; 32].

Значная роля ўкраінскаму казацтву адводзілася ў палітычных планах караля Уладзіслава ІV. Згодна з выпрацаваным ім разам з прыхільнікамі (у першую чаргу, гетманам С. Канецпольскім і канцлерам Е. Асалінскім) амбіцыйным планам вялікай вайны з Асманскай імперыяй, меркавалася не толькі аслабіць свайго гістарычнага ворага – Порту – і пашырыць валоданні Рэчы Паспалітай, але, калі б справы пайшлі добра, нават заняць Канстанцінопаль. У выніку гэтага была б адноўлена былая Рымская (Візантыйская) імперыя – цэнтр хрысціянскай цывілізацыі. Вялікую ролю ў гэтым плане павінны былі адыграць казакі – як самая вялікая ў дзяржаве вайсковая сіла, у якую яны маглі ператварыцца праз пашырэнне рэестру [39, s. 175]. Немалое значэнне адводзілася і праваслаўнай царкве: нельга забываць, што Візантыя была праваслаўнай дзяржавай, там знаходзіўся трон Сусветнага Канстанцінопальскага Патрыярха. Але быў у гэтых планаў і таемны падтэкст. Кароль спадзяваўся (у многім з дапамогай казакоў) значна цэнтралізаваць уладу ў дзяржаве і ліквідаваць адну з галоўных праблем Рэчы Паспалітай – шляхецкія сваволлі. У выніку ў 1646 – 1647 гг. праект караля праваліўся на сеймах. Незадаволенасць і разачараванне казакоў, якія даведаліся, што не будзе ні пашырэння рэестру, ні вайны, сталі аднымі з прычынаў паўстання Багдана Хмяльніцкага ў 1648 г. і грамадзянскай вайны ва Украіне.

Коратка звернемся таксама да ролі казацка-яўрэйскіх адносін у структуры ўзаемаадносін Рэчы Паспалітай і ўкраінскага казацтва. Трэба зазначыць, што казакі неаднаразова былі арганізатарамі і ўдзельнікамі яўрэйскіх пагромаў, на што звяртае ўвагу шэраг даследчыкаў [35, с. 132; 29, с. 141]. Адну з галоўных прычын гэтага можна бачыць у тым, што яўрэі часта з’яўляліся арэндатарамі шляхецкіх і магнацкіх маёнткаў, а таксама займаліся гандлем і ліхвярствам. Гэта не задавальняла сялянства і казацтва. Тым больш, што ў канцы ХVІ – першай палове ХVІІ стст. у многіх частках Украіны выходзіў тэрмін у некалькі дзесяцігоддзяў паніжэння падаткаў і данін, які ўлады ўводзілі для заахвочвання перасялення ў Дзікае Поле. Хоць у сярэднім падаткі і даніны ва Украіне заставаліся ніжэйшыя, чым на астатніх тэрыторыях Рэчы Паспалітай, іх пад’ём правакаваў гнеў простага насельніцтва, які і выліваўся на арандатараў маёнткаў, якімі часта былі яўрэі [35, с. 247]. Хроніка “Багна бяздонная” Натана Ноты Гановера сцвярджае, што яўрэйскія пагромы адбываліся ўжо ў часы паўстання С. Налівайкі, таксама падкрэсліваюцца шкоды, што былі прычынены ў час паўстання Паўлюка [23, с. 85-88]. Але асабліва і ў гэтай хроніцы, і ў іншых яўрэйскіх хроніках, такіх, як “Нягоды часоў” Меера з Шчабржэшына і “Пасланне” Сабатая Гакагена [21; 30], звяртаецца ўвага на жудасныя наступствы для яўрэйскіх абшчын паўстання Б.Хмяльніцкага і грамадзянскай вайны ва Украіне. Гэта падкрэсліваюць і шэраг даследчыкаў, напрыклад, Ё. Раба [29].

Аднак трэба заўважыць, што сярод саміх казакоў сустракаліся выхадцы з яўрэйскіх родаў, такіх, як Маркевічы (Марковічы), Перакрэставы-Осіпавы, Жыдчанкі, Жыдоўкіны і інш. Найбольш часта ахрышчваліся ў праваслаўе і пераходзілі ў казакі яўрэі з незаможных родаў. Разам з тым, заможныя яўрэі-купцы нярэдка ўдзельнічалі ў выкупе палонных казакоў з татарскай і турэцкай няволі. На тое, што ў аданосінах яўрэяў і казакоў былі і некаторыя пазітыўныя моманты, звяртаюць увагу такія даследчыкі, як В.Тамазаў, Ю.Мыцык, С.Баравой [31; 22, с. 367; 3, с. 221]. Апошні падкрэслівае, напрыклад, што да канца ХVІ – пачатка ХVІІ стст. значных казацка-яўрэйскіх канфліктаў амаль не было. Такім чынам, нягледзячы на ўсе негатыўныя моманты, казацка-яўрэйскія адносіны былі дастаткова неадназначнымі. Хоць нельга не заўважыць, што казацка-яўрэйскія канфлікты яшчэ больш ускладнялі сітуацыю ва Украіне і разам з тым прымушалі яўрэяў у значнай ступені салідарызавацца з урадам у супрацьстаянні казакам.

Спіс цытуемых крыніц

1.​ Апанович, О.М. Запорізька Січ у боротьбі проти турецько-татарської агресії -50-70 рр. XVII ст. / О. М. Апанович. — К.: Вид. АН УРСР, 1961. — 299 с.

2.​ Блок, М. Феодальное общество / М. Блок. — М.: Изд-во им. Сабашниковых, 2003. — 503 с.

3.​ Боровой, С. Я. Евреи в Запорожской Сечи / Боровой С. Я. // Еврейские хроники XVII столетия (Памятники еврейской исторической мысли). – Иерусалим: Гешарим, 1997. – С. 207 – 250.

4.​ Величко, С. В. Літопис. Т. 1. / Пер. з книжної української мови, вст. стаття, комент. В. О. Шевчука; Відп. ред. О. В. Мишанич.— К.: Дніпро, 1991.— 371 с.

5.​ Воссоединение Украины с Россией. Документы и материалы. – Москва: Изд–во АН СССР, 1953. – Т. 1.

6.​ Голобуцкий, В. А. Запорожское казачество / В. А. Голубуцкий. — К.: Госполитиздат Украины, 1957. — 462 с.

7.​ Голубев С.Т. Киевский митрополит Петр Могила и его сподвижники. — Т.1. — Киев: Тип. Г. Т. Корчак-Новицкого, 1883. – 559 с.

8.​ Грабеньский, В. История польского народа / В. Грабеньский. — Минск: Минская фабрика цветной печати, 2006. – 800 с.

9.​ Гумилёв, Л. Н. Древняя Русь и Великая Степь / Л. Н. Гумилёв. — Москва: Айрис-пресс, 2007. – 764 с.

10.​ Дмитриев, М.В. Религиозные войны в Речи Посполитой? К вопросу о последствиях Брестской унии 1596 года / М. В. Дмитриев // Studia Slavica et Balcanica Petropolitana. — 2008. — №1(3). – С. 3 — 22.

11.​ Дыбковская, А., Жарын, М., Жарын, Я. История Польши с древнейших времён до наших дней / А. Дыбковская, М. Жарын, Я. Жарын. — Варшава: Научное издательство ПВН, 1995. – 381 с..

12.​ Из донесения папского нунция в Польше Торреса о борьбе народных масс против унии и состоянии униатской церкви в Беларуси и Украине // Белоруссия в эпоху феодализма: сборник документов и материалов: в 4 т. — Минск: Изд-во АН БССР, 1959 — 1979. – Т. І: С древнейших времен до середины ХVII в. – 1959. – С. 389 – 393.

13.​ Из инструкции папскому нунцию в Польше Ланчеллоти о насаждении унии и католицизма в Беларуси и Украине // Белоруссия в эпоху феодализма: сборник документов и материалов: в 4 т. — Минск: Изд-во АН БССР, 1959 — 1979. – Т. І: С древнейших времен до середины ХVII в. – 1959. – С. 387 – 389.

14.​ Карпов, С.П. История Трапезундской империи / С. П. Карпов. — СПб., 2007. — 623 с.

15.​ Каляндрук, Т. Загадки козацьких характерників: монографія / ред. В. Ідзьо. — Львів: ЛА “Піраміда”, 2007. — 288 с.

16.​ Київський літопис першої чверті XVII ст. // Український історичний журнал 1989, №2. — С.107-120; 1989, №5. — С.103-114.

17.​ Колодный, А. М. История религии в Украине / А. М. Колодный. — Москва: Финансы и статистика, 1999 — 735с.

18.​ Кулиш, П.А. Отпаденіе Малороссіи от Польши (1340—1654) / П. А. Кулиш. — Томъ 1 — 3. — Москва, 1888.

19.​ Леп’явко, С. Великий кордон Європи як фактор становлення козацтва/ С. Леп’явко // Україна на порозі 21 ст. — К., 1999. — С. 26 – 33.

20.​ Луців, Є. Хто такі козаки-характерники / Є. Луців // Український національний портал [Электронны рэсурс]. — 2008-2010. — Рэжым доступа: http://www.aratta-ukraine.com/text_ua.php?id=924 — Дата доступа : 21.04.2013.

21.​ Меир из Щербжешина. Тяготы времени // Еврейские хроники XVII столетия (Памятники еврейской исторической мысли). – Иерусалим: Гешарим, 1997. – С. 153 – 179.

22.​ Мицик, Ю.А. Джерела з історії Національно-визвольної війни українського народу середини XVII ст. / Ю. А. Мицик. — Киев: Институт украинской археографии и источниковедения им. М. С. Грушевского, 2012. – 680 с.

23.​ Натан Нота Ганновер. Пучина бездонная // Еврейские хроники XVII столетия (Памятники еврейской исторической мысли). – Иерусалим: Гешарим, 1997. – С. 81 – 137.

24.​ Петровський М. Визвольна війна українського народу проти гніту шляхетської Польщі і приєднання України до Росії 1648 — 1654 pp. — К., 1940.

25.​ Письмо запорожских казаков, посланное на канвакационный сейм после смерти Сигизмунда III, и их инструкция депутатам, отправленным на означенный сейм. 1632 г., июня 9 // Седмица. Ru. Церковно-Научный Центр «Православная Энциклопедия» [Электронны рэсурс]. – 2001-2013. – Рэжым доступа: – Дата доступа : 18. 04. 2013.

26.​ Письмо запорожских казаков к польским сенаторам, прибывшим на избирательный сейм, с просьбою о восстановлении нарушенных прав православной религии и подтверждении козацких привилегий. 1632 г., сентября 4 // Седмица. Ru. Церковно-Научный Центр «Православная Энциклопедия» [Электронны рэсурс]. – 2001-2013. – Рэжым доступа: – Дата доступа : 18. 04. 2013.

27.​ Письмо Польскаго короля Сигизмунда Августа старостѣ Черкасскому и Каневскому князю Михайлу Вишневецкому // Акты, относящіеся къ исторіи Южной и Западной Россіи. – Санктпетербургъ: Въ типографіи Э. Праца, 1865. – Т. 2. 1599 – 1637. – С. 156 — 157;

28.​ Плохій, С. Наливайкова віра: козаки та релігія в ранньомодерній Україні / С. Плохій. — К.: Критика, 2005. – 496 с.

29.​ Раба, Й. Между памятью и отрицанием: Погромы 1648-1649 гг. в хрониках современников и в историографии / Й. Раба. – Тель-Авив, 1994.

30.​ Саббатай Гакоген. Послание // Еврейские хроники XVII столетия (Памятники еврейской исторической мысли). – Иерусалим: Гешарим, 1997. – С. 183 – 190.

31.​ Томазов, В. Они служили Украине. Из истории казацких родов еврейского происхождения / В. Томазов // Сетевой портал «Заметки по еврейской истории» [Электронны рэсурс]. – 2001-2013. – Рэжым доступа: http:// http://www.berkovich-zametki.com/AStarina/Nomer1/Tomazov1.htm – Дата доступа : 20.04.2013.

32.​ Тимошенко, Л. В. Религиозные конфликты в Речи Посполитой в конце XVI — первой трети XVII в. / Л. В. Тимошенко // Comparative and Interdisciplinary History of Religious Traditions in Eastern, Central and Southeast Europe [Электронны рэсурс]. – 2008-2010. – Рэжым доступа: http://reset.ivanovo.ac.ru/courses/6-lectures/40-conflicts– Дата доступа : 20.04.2013.

33.​ Флеров, И., свящ. О православных церковных братствах, противоборствовавших унии в юго-западной России, в XVI, XVII и XVIII стол. / И. Флеров. — СПб., 1857.

34.​ Чаплин, А, протоиерей. Православие, как историческая идея украинского казачества / А. Чаплин // Запорожская епархия Украинской православной церкви [Электронны рэсурс]. – 2008-2010. – Рэжым доступа: http://hram.zp.ua/?page_id=6458– Дата доступа : 20.04.2013.

35.​ Яворницький, Д. І. Історія запорізьких козаків: у 3-х т. / З російської переклав Іван Сварник. — К.:”Наукова думка”, 1991

36.​ Яковенко, Н. Нарис історії Україні з найдавніших часів до кінця ХVIII cт. / Н. Яковенко. — Київ: Генеза, 1997. — 380 с.

37.​ Яковенко, Н. Українська шляхта з кінця XIV до середини XVII століття. Волинь і Центральна Україна / Н. Яковенко. — Вид. 2-ге, переглянуте і виправлене: Київ: Критика, 2008. — 472 с.

38.​ Chodynicki, К. Kościół prawosławny a Rzeczpospolita Polska. Zarys historyczny 1370–1632 \ К. Chodynicki. – Skład gł. Kasa im. Mianowskiego, 1934. – 632 s.

39.​ Czapliński, W. Władysław IV i jego czasy / W. Czapliński . — Warszawa: Wiedza Powszechna, 1972. – 398 s.

40.​ Kempa, T. Wobec kontrreformacji. Protestanci i prawosławni w obronie swobód wyznaniowych w Rzeczpospolitej w końcu XVI i w pierwszej połowie XVII wieku. — Toruń: Wydawnictwo Adam Marszałek, 2007. – 624 s.

41.​ Romański, R. Kozaczyzna / R. Romański. – Warszawa: Wyd. Bellona, 2004.

42.​ Serczyk, W.А. Na dalekiej Ukrainie. Dzieje Kozaczyzny do 1648 roku \ W.А. Serczyk. — Kraków: Wydawn. Literackie, 1984. – 373 s.;

43.​ Serczyk, W.А. Na płonącej Ukrainie. Dzieje Kozaczyzny 1648-1651 \ W.А. Serczyk. — Warszawa: Książka i Wiedza, 2007. – 378 s.

44.​ Wójcik, Z. Dzikie Pola w ogniu. O Kozaczyźnie w dawnej Rzeczypospolitej. — Wyd. 3. — Warszawa: wyd. Wiedza Powszechna, 1968.

Крыніца: Попель, Р. І. Рэлігійны фактар у адносінах Рэчы Паспалітай і ўкраінскага казацтва (другая палова ХVІ – першая палова ХVІІ стст.) / Р. І. Попель // Христианство и общество: к 1700-летию Миланского эдикта. Материалы международной научной конференции, Барановичи, 17 мая 2013 г.; редкол.: Никишова А. В. (гл. ред.), Демидович А. В. (отв. ред.) [и др.]. – Барановичи: РИО БарГУ, 2013. — С. 150 – 156.

Апублікавана ў Айчынная гісторыя, Артыкулы, Навіны, Рознае, Свабодная акадэмія з тэгамі , , , . Спасылка на гэты запіс. Падпісацца на RSS-стужку, каб сачыць за камэнтарамі.

(C) 2012-2013 Кансэрватыўны цэнтар NOMOS.

Рекомендуем заказать магистерскую работу