Пётра Пятроўскі: “кансэрватызм зьяўляецца больш прагрэсыўным чымся ўвесь праект мадэрну”. Інтэрв’ю польскаму інфармацыйнаму рэсурсу xportal.pl

Сайт кансэрватыўнага цэнтру “NOMOS” друкуе інтэрвію кіраўніка КЦ ”NOMOS”, зьдзейсьненае для польскага інфармацыйна-аналітычнага парталу 

2FpUNGPtmUEЧы можаце прадставіць польскім чытачам ідэі, якія прапаведвае цэнтар “NOMOS”?

Кансэрватыўны Цэнтар “NOMOS” трымаецца на плятформе фундамэнтальнага кансэрватызму.  Кансэрватызм у нашым разуменьні ня ёсьць чыста ідэалёгія ці толькі палітычны кірунак. Для нас ён заўжды большы. Гэта сьветагляд і стыль, дзе злучаюцца форма і зьмест. Кансэрватызм узьнік пад час французкае буржуазнае рэвалюцыі як адказ на тыя выклікі, што паўсталі перад чалавецтвам. Ён першым убачыў тыя заганы, што яна несла. Лёзунг “Свабода-Роўнасьць-Братэрства” аказаўся прыгожай фікцыяй, якая песьціла ўяўленьні асьветнікаў. Апошнія, у сваю чаргу, вырашылі поўнасьцю адарвацца ад вопыту гісторыі і зацьвердзіць прывілеяваны стан толькі сучаснасьці (адцюль і назва “мадэрн”). Але кансэрватызм увайшоў у спрэчку з гэтымі пастулятамі асьветнікаў і не таму, што ён быў рэакцыйным. Не. На нашу думку кансэрватызм зьяўляецца больш прагрэсыўным чымся ўвесь праект мадэрну зь яго трыма ідэалёгіямі лібэралізму, сацыялізму і фашызму. Кансэрватары першымі ўбачылі заганы гэтага праекту і першымі ж пачалі прапаноўваць іх вырашэньне. Яны разгарнулі шырокую дзейнасьць па стварэньні рознага роду праектаў будучыні. Паглядзіце, што казалі першыя кансэрватары Жазэф дэ Мэстар і Луі дэ Банальд. Яны не адмаўлялі рэвалюцыі, але процістаялі той безадказнасьці, якую яна несла. А калі ж згадаць такога кансэрватара і запачаткаванца менавіта глыбокага, дактрынальнага і філязафічнага кансэрватызму як Гегель. Яго канцэпцыя тыпова кансэрватыўная. Гегель вярнуўся да тых пытаньняў, на якія апалягэты мадэрну адказаць фізычна не маглі. Яго канцэпцыя дзяржавы і права ня мае нічога агульнага з прымітыўнымі лібэральнымі ўтопіямі часоў асьветніцтва. Але, нягледзячы на ўсе заганы, лібэралізм (дарэчы самая архаічная і адсталая ідэалёгія мадэрну) працягвае панаваць і навязваць свае думкі іншым. Мы лічым гэта нонсэнсам і чыньнікам большасьці праблемаў сучаснасьці. Паглядзіце самі, лібэралізм запачаткоўваўся ў часы каляніяльнага сьвету з сваімі спэцыфічнымі законамі і прынцыпамі. Мы ўжо на цяперашні момант перажылі ня толькі гэты каляніяльны сьвет, але й біпалярны. Сёньня ідзе размова пра глябальны сьвет. Але лібэралы ў гэтым сьвеце вядуць сябе быццам апынуліся ў 17-18 ст. Яны размаўляюць з тымі, хто хоць крыху адрозьніваецца, як з уласнаю калёніяй. Большасьць канфліктаў у сучасным сьвеце менавіта з-за гэтага.

І самае дзіўнае, што лібэралізм, зьяўляючыся апалягэтам “свабоды”, першым фармуе несвабодную прастору. І гэта несвабода пануе ў акадэмічнай, навуковай сфэры, асабліва на захадзе. Тут праблема ня толькі сацыяльных, гуманітарных навук. Яна ёсьць і ў прыродазнаўчай ды тэхнічнай сфэрах. Калі за нас акрэсьліваюць крытэры навуковасьці, зыходзячы зь лібэральных пастулятаў Карла Попэра і ніхто ня можа нічога надрукаваць згодна прынцыпаў кансэрватыўных мэтодык, то гэта тыповая лібэральная дыктатура. Прычым дыктатура ў фундамэнтальным сьветаглядным рэчышчы. Нас вучаць успрымаць і вывучаць сьвет па-лібэральнаму.

Пагэтуль Кансэрватыўны Цэнтар “NOMOS” лічыць, што сёньня ўжо ня проста насьпеў, але перасьпеў той час, калі мы павінны адмовіцца ад мадэрну як праекту і лібэралізму як яго разнавіднасьці. Глябальны сьвет, які, дарэчы, як зьяву ўпершыню канстатаваў кансэрватар Эрнст Юнгэр, патрабуе іншых мадэляў разуменьня сьвету і адказаў на вызавы чалавецтву. Пагэтуль мы павярнуліся да кансэрватыўнае альтэрнатывы лёзунга мадэрну. Замест “Свабоды-Роўнасьці-Братэрства”, нашай кансэрватыўнай асновай ёсьць лёзунг “Праца-Сям’я-Радзіма”, які сёньня гучыць яшчэ больш актуальна.

Паглядзіце, у сучасным сьвеце праца выступае той дзейнасьцю, зь якой найбольшыя праблемы. У Эўропе ствараюцца ўмовы, калі чалавек працы проста не паважаецца. У некаторых заходніх краінах выгадней жыць на дапамогу па беспрацоўі, бо яна практычна мае такі ж памер як і заробак. Пры гэтым, эўрапейцам прышчапляецца каштоўнасьць свабоднага баўленьня часу. У іншых незаходніх краінах людзі працы падобны на падняволеных. Несправядлівасьць разьмеркаваньня прыбыткаў, вызваная рынкам, таму падцьвярджэньне. Заробак цяпер вызначаецца не кваліфікацыяй, а рынкавай кан’юктурай. Прычым, і гэта самае страшэннае, пазаэканамічныя сфэры (войска, мэдыцына, адукацыя, культура, навука) ці дэградуюць пад ціскам рынкавае кан’юктуры ці развальваюцца з-за адсутнасьці справядлівага фінансаваньня.

Другая каштоўнасьць – гэта Сям’я. Напэўна такой дэградацыі гэтае інстытуцыі ў гісторыі чалавецтва яшчэ не было. Сёньня мадэрністы з розных бакоў дэмагагічна апраўдваюць правы на полавыя хваробы-дэвіяцыі, шлюб пераўтвараюць у фікцыю. Нараджэньне дзяцей і шматдзетныя сем’і шальмуюцца. Гэта жахліая лібэральная біяпалітыка па памяншэньні насельніцтва. І пачалі яе менавіта з эўрапейцаў. У некаторых заходніх краінах дайшло да таго, што прапануецца легалізаваць пэдафілію. А што будзе далей? Сям’я – гэта асноўная інстытуцыя, якая можа адэкватна сфармаваць асобу чалавека. Яна ёсьць падмуркам самазахаваньня чалавецтва як віда і, пры гэтым, прышчапляе кожнаму маральныя і духовыя каштоўнасьці. У ёй арганічна злучаюцца як прыроднае, так і культурнае. І тут канечне ўзьнікае пытаньне: навошта вынаходзіць ровар? Тая біяпалітыка лібэралізму, якую мы бачым сёньня, накіравана на руйнаваньне спрадвечных інстытуцыяў мацярынства і бацькоўства. Гэта тыповы таталітарызм.

І нарэшце Радзіма. Сучасны глябальны сьвет стаіць перад выклікам мультыкультуралізму, уніфікацыі ўсіх згодна лібэральных нарматываў і стандартаў. У гэтым праекце мадэрністы хочуць зьвесьці на нішто такія зьявы як этнас, народ, традыцыя. Ім будзе месца толькі ў межах турыстычнае індустрыі. Кансэрватызм жа апэлюе да шматукладнага глябальнага сьвету, плюралізму традыцыяў і формаў. Ён нават не адмаўляе права на існаваньне лібэралізму, але ў межах англа-саксонскага сьвету. Такім чынам панятак Радзімы – гэта ідэя геапалітычнага плюралізму, арганічнае сувязі глябальнага і лакальнага: праз усьведамленьне Радзімы малога этнічнага рэгіёну, дзяржавы-народу, да злучэньня усяго ў цэласны і разнастайны цывілізацыйна-кантынэнтальны блёк.

Менавіта ў трох асноўных ідэях “Працы-Сям’і-Радзімы” і палягае сэнс кансэрватыўнага футурызму, канструяваньня будучыні, згодна рэальных мажлівасьцяў і тых базавых прынцыпаў чалавечага жыцьця, якія зьяўляюцца гарантам самога яго існаваньня.

Якія ідэйныя інсьпірацыі маюць уплыў на пагляды сяброў “NOMOS’у”?

Галоўным ідэйным стрыжнем для Кансэрватыўнага Цэнтру “NOMOS” зьяўляюцца ідэі запачаткаваныя ад фундамэнтальнага кансэрватызму Жазэфа дэ Мэстра і Луі дэ Банальда да інсьпірацыяў кансэрватыўнае рэвалюцыі, а таксама практыкі альтэрнатыўных шляхоў разьвіцьця (хусьцісіялізм Пэрона ў Аргентыне, палітычны рэжым у Іране і г. д.). Мы вывучаем гэты вопыт ды мкнемся вызначыць тыя мадэлі грамадзкага жыцьця, якія б былі прыдатнымі да беларускае рэчаіснасьці. Нас цікавіць як глыбакі тэарэтычны і філязафічны матар’ял філязофіі Гегеля, Гусэрля, Гайдэгера, Нісіды, так і больш прыкладныя дасьледаваньні кансэрватыўных сацыёлягаў Фэрдынанда Цёніса, Ганса Фраера, псыхолягаў Юнга і Дзюрана, палітоляга Шміта, эканамістаў Шмолера, Зомбарта, Туган-Бараноўскага і г.д.

Сёньня насьпявае сытуацыя, калі лібэралізм трышчыць па швох. І першымі гэта адчуваюць навукоўцы. Акадэмічны асяродак імкнецца весьці міждысцыплінарныя дасьледаваньні. Але запачаткавалі міждысцыплінарнасьць менавіта кансэрватары, спасылкі на якіх у сучасных акадэмічных колах асабліва не вітаюцца. Адной з задач Кансэрватыўнага Цэнтру “NOMOS” зьяўляецца працяг кансэрватыўнай акадэмічнай традыцыі, практычна перарванай у сучасным сьвеце.

Канечне мы не абмінулі і беларускіх кансэрватараў усіх накірункаў: ад прарасейскага манархіста Івана Саланевіча і краёўца, апошняга грамадзяніна ВКЛ Канстанціна Скірмунта, да беларускіх кансэрватыўных нацыяналістаў Вацлава Ластоўскага ды Яна Станкевіча. Яшчэ нас вельмі цікавіць вопыт злучэньня сацыялістычнага і нацыянальнага ў БССР.

Увогуле, калі казаць пра сяброў Кансэрватыўнага Цэнтру “NOMOS”, то шмат хто прыходзіў ад зусім процілеглых лягероў як палітычных, так і інтэлектуальных. Хтосьці дагэтуль быў лібэралам, анархістам, камуністам, фашыстам. Хтосьці левым ці правым, але ўсе ўсьвядомілі вузкую абмежаванасьць і састарэласьць гэтых накірункаў. Кансэрватызм знаходзіцца па-за падзелам на правых, левых і цэнтрыстаў, бо ён па-за мадэрнам. І гэта самы моцны патэнцыял кансэрватызму, які прыцягвае інтэлектуалаў Беларусі.

Якая ёсьць гісторыя цэнтру “NOMOS”? Як выглядае яго дзейнасьць?

biP8_-XVLFoКансэрватыўны Цэнтар “NOMOS” вырас з праблемнае суполкі па філязофіі ў БДПУ ім. Максіма Танка. Маладыя студэнты згуртаваліся з-за жаданьня паглядзець на сьвет з новых ракурсаў. Дзіўным гучыць тое, што катэдра філязофіі гэтага ўнівэрсытэту і сёньня поўнасьцю зьяўляецца марксысцкай. Мясцовыя выкладчыкі былі ў шоку ад гэтай кансэрватыўнай праблемнай групы. Ім прыйшлося знаёміцца з творамі Гэнона, Эвалы, Юнгэра і нават успрымаць нетрадыцыйныя, кансэрватыўныя інтэрпрэтацыі Маркса.

Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту праблемная суполка не разьбеглася. Было вырашана працягнуць яе дзейнасьць, але ў новым статусе. Так узьнік Кансэрватыўны Цэнтар “NOMOS”. Пачалі прыходзіць новыя людзі: студэнты, асьпіранты, магістранты, навуковыя супрацоўнікі.

Сёньня Кансэрватыўны Цэнтар “NOMOS” займаецца перш за ўсё грамадзкай адукацыяй у выглядзе лекцыяў, сэмінараў, канфэрэнцыяў. Таксама мы ўключаемся ў дыскусыйнае поле Беларусі, вядзем дыспуты зь лібэраламі, сацыялістамі ды фашыстамі. Сябры цэнтру маюць вопыт супрацы з ворганамі дзяржаўнае ўлады Беларусі. У межах Кансэрватыўнага Цэнтру “NOMOS” існуе “фундамэнталь-анталягічная” лябараторыя, якая займаецца вузкаспэцыялізаванымі дасьледаваньнямі, а таксама грамадзкі лекторый, дзе маюць месца выступы розных навукоўцаў і грамадзкіх дзеячоў.

Якая ёсць Ваша ацэнка цяперашніх уладаў Беларусі і дзяржаўнай ідэалогіі Республікі Беларусь?

Беларусь на сучасны момант зьяўляецца ўнікальнай краінай на мапе Эўропы. Беларуская мадэль дэ-факта ёсьць апартыйнай. У ёй адсутнічае электаральная форма кіраваньня, фактычна няма падзелу ўлады. Калі параўноўваць з краінамі, што разам зь Беларусяй уваходзілі ў склад СССР, то наша краіна выступае дужа прывабным прыкладам. Мы захавалі практычна ўвесь рэальны сэктар эканомікі, а сельская гаспадарка за апошнія 10 год была мадэрнізаваная. Вялікая доля дзяржаўнае ўласнасьці дапамагае больш апэратыўна вырашаць пытаньні эканамічнага характару. Мы не пайшлі тут за лібэральнымі рэцэптамі захаду. І гэта дае шырокі прасьцяг да мабілізацыі грамадзтва, якая сёньня вельмі насьпела.

Аднак, на вялікі жаль, беларуская ўлада ніяк ня можа сябе акрэсьліць у палітычным пляне. Нават галоўны ідэоляг краіны заявіў, што Беларусь адна з самых дэідэалягізаваных дзяржаў. Так, у нас існуе ідэалягічная вэртыкаль, але яна мае толькі функцыю забесьпячэньня палітычнае ляяльнасьці на месцах. Курс ідэалёгіі беларускае дзяржавы зьвёўся да паліталёгіі. Пагэтуль ніякага дакладнага акрэсьленьня сучасная беларуская мадэль сабе не дае.

Калі ж прааналізаваць саму рэальную палітыку Беларусі, то мажліва яе акрэсьліць як дзяржаўны нацыяналізм ці этатызм. Нават лексыка беларускае ўлады падобна да лексыкі кансэрватыўнага палітоляга і юрыста Карла Шміта. Той жа “гарант канстытуцыі”, “легітымнасьць”. Мажліва сказаць, што сучасная беларуская дзяржава шмат у чым кансэрватыўная. Але ёй яшчэ трэба шмат папрацаваць і фактычна зафіксаваць гэты статус. Патэнцыял для гэтага ёсьць, патрэбныя толькі валявыя дзеяньні. Асабліва, калі Прэзыдэнт Беларусі ў дзень незалежнасьці сорак хвілін распавядае пра абарону традыцыйных каштоўнасьцяў перад заходнім дэкадансам.

Што думаеце аб беларускай апазыцыі?

Што датычыць так званае беларускае апазыцыі, то яе мажліва акрэсьліць як суцэль лібэральную. Апазыцыя ў Беларусі з 1996 г. фактычна знаходзіцца па-за зонай рэальнае палітыкі. Яна нават ня ведае рэальнага мэханізму прыняцьця рашэньняў у краіне, ня можа акрэсьліць актуальных праблемаў, па пытаньнях якіх вядуцца дыскусыі. Прычым, і гэта трэба падкрэсьліць, фінансаваньне яе структураў суцэль вонкавае. Апазыцыю сёньня фінансуюць як Брусэль, так і Масква. Прычым апошняя ў гэтых справах набірае абароты. Брусэль ужо дастаткова расчараваўся ў неэфэктыўнасьці яе дзейнасьці.

Магу яшчэ разьвянчаць адзін міт пра “нацыянальны” характар беларускае апазыцыі. Пасьля таго як у 1996 г. эміграваў лідар БНФ Зянон Пазьняк, уся апазыцыя пачала плянамерна дрэйфаваць у бок сацыяльна-лібэральнае ідэалёгіі. Сёньня апазыцыя цалкам мультыкультуровая і лібэральная. Самыя агалтэлыя яе апалягэты выступаюць за легалізацыю гей-шлюбаў, абмежаваньне ўплыву любых рэлігійных арганізацый і, самае страшэннае, за пашырэньне эканамічных ды палітычных санкцый супраць уласнае дзяржавы, у падтрымку расёйскіх лібэралаў. Нядаўні скандал зь “Беларуськаліем”, калі расейскі алігарх Керымаў нанёс урон беларускай эканоміцы на 2 млрд. даляраў, і Лукашэнка ў адказ пасадзіў яго галоўнага мэнэджара Баўмгертэна, таму клясычны прыклад. Апазыцыя падтрымала расейскага алігарха поўнасьцю. Ейны прынцып такі: “хоць вайна, толькі, каб не Лукашэнка”.

Але гэта ўсё настолькі маргінальна і адарвана ад народу, што калі б заўтра прыпынілася б фінансаваньне апазыцыі, то яна аўтаматычна сталася б маленькім сацыял-лібэральным клюбам.

Трэба таксама адзначыць, і пра крызу апазыцыі знутры. Яна відавочная. Вялікая колькасьць актывістаў, карыстаючыся статусам апазыцыянэра, проста зьехалі за мяжу. Сёньня апазыцыйныя структуры даволі аголеныя. Фізычна не хапае людзей для якой-небудзь дзейнасьці.

Як ацэньваеце геапалітычнае становішча Беларусі?

MrRUrP-ePm4Беларусь – гэта краіна ў цэнтры Эўропы, яе сэрца. Паглядзіце, куды не прыедзеш, у Польшчу, Расею, Украіну, Прыбалтыку, паўсюль беларусаў сустракаюць як сваіх. У нас няма адмоўнага антывобраза. Сёньня Ўкраіна, Расея, Прыбалтыка гатовыя праводзіць з намі інтэграцыйныя працэсы. Нашыя суседзі ўкраінцы ды прыбалты маюць дужа адмоўны вобраз расейцаў. Напэўна, такое ж мажліва сказаць і ў дачыненьні адносінаў палякаў да расейцаў. Тое ж самае палякі. Вас зь вялікім недаверам успрымаюць у Прыбалтыцы, Украіне ды Расеі. Што ж датычыць беларусаў, то тут усё наадварот. Мы злучаем захад і ўсход, поўнач і поўдзень. У нас ёсьць балцкі субстрат поўначы, мы памятаем варагаў. З поўдня да нас прыйшло праваслаўе, з усходу пасяліліся татары, з захаду – лацінская культура і каталіцтва. І ўсё гэта даволі арганічна ўжываецца. Сапраўдны імпэрскі цэнтар паўночнага кантынэнту.

Увогуле беларусы ня звыклі падзяляць усё на Захад і Усход. Гэта рабілі іншыя народы і спрабавалі навязаць нам такую схему. Гэты падзел для Беларусі азначае самагубства, вайну.

Сёньня ў нас шмат зьвяртаюцца да геапалітыкі. У Беларусі за апошнія дваццаць год узьнікла ўласная візія свайго геапалітычнага месца. Яшчэ ў 1998 г. беларускі мысьляр Сяргей Санько ў адной з сваіх кнігаў на аснове вывучэньня этнакультуралягічнага матар’ялу зьвярнуўся да ідэі супрацьстаўляць ня захад і ўсход, а поўнач і поўдзень. Ён аргумэнтаваў гэта вынікамі аналізу асноваў беларускае мэнтальнасьці, згодна якой у аснове ўспрыняцьця прасторы ў беларусаў адсутнічае супрацьпастаўленьне на захад і ўсход, але прысутнічае падзел на поўнач і поўдзень. Цяпер у Беларусі гэтыя геафілязофскія штудыі працягнулі распрацоўваць у межах альманаху “Сівер”, на старонках якога яна атрымоўвае больш грунтоўнае акрэсьленьне ў рэчышчы геапалітычнае канцэпцыі і сьветагляднае ідэі.

Беларускія ўлады таксама крочаць менавіта ў гэтым кірунку. Яны высунулі ідэю так званае “інтэграцыі інтэграцый”, якая мае ў сваёй аснове мадэль узаемнае павагі ўсіх дзяржаў, прызнаньне кожнай зь іх на самастойны шлях разьвіцьця, а не падзел на захад і ўсход.

Што думаеце аб цяперашніх беларуска-польскіх і беларуска-расейскіх адносінах? Чы Польшчы і Беларусі трэба мкнуцца да ўмацоўваньня ўзаемных адносінаў?

Беларуска-польскія адносіны сёньня мажліва акрэсьліць як слабазадавальняльныя. Тут канечне праблема ляжыць у ідэйна-палітычным пляне. Польшча, як краіна ЭЗ, узяла на сябе абавязак прытрымлівацца агульнае ЭЗ-стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі. Яна высунула непрымальныя патрабаваньні да нашага кіраўніцтва, якія проста руйнуюць асновы сучаснай беларускай дзяржаўнасьці. Па-другое, польскае кіраўніцтва ў гэтых вузкалібэральных мэтах імкнецца выкарыстаць структуры Суполкі палякаў на Беларусі і каталіцкага касьцёла. У адказ нашыя ўлады праводзяць плянамерную палітыку скасаваньн залежнасьці япольскае нацыянальнае меншасьці ад лібэральных уладаў Польшчы ды эмансыпацыю каталіцкага касьцёла ў Беларусі ад польскіх уплываў. Менавіта ў сувязі з гэтым зьвязана праблема нядаўняга затрыманьня польскага грамадзяніна, ксяндза Лазара.

 Дарэчы, у гэтым годзе, пад час сустрэчы з дэлегацыяй з Ватыкану, Прэзыдэнт Лукашэнка паставіў задачу ў хуткім часе адкрыць у Беларусі ўласны каталіцкі ўнівэрсытэт. Тое ж самае, толькі раней, рабілася і ў дачыненьні да праваслаўнае царквы, якая сёньня хоць і зьяўляецца юрыдычна падпарадкаванаю маскоўскаму патрыярхату, але фактычна ёсьць самастойнай з аўтаномнай структурай і ўласнымі навучальнымі ўстановамі.

Другой выбуховай праблемай у польска-беларускіх стасунках зьяўляецца мэтанакіраваная падтрымка польскімі ўладамі беларускай апазыцыі. Сёньня Польшча сталася домам для вялікай колькасьці арганізацый левалібэральнага апазыцыйнага кшталту. У вас існуюць радыёстанцыі, прапагандысцкія цэнтры, вяшчае за кошт польскіх падаткаплатнікаў спадарожнікавы тэлеканал, вядзецца фінансаваньне палітычных партый і няўрадавых арганізацый Беларусі праз польскія структуры. Гэта ўсё ня можа задавальняць Беларусь.

Трэцім месцам канфлікту выступае канечне ж навязваньне польскім кіраўніцтвам Беларусі левалібэральных нормаў і правілаў. Гэта асабліва адчуваецца ў сувязі з праграмай усходняга партнэрства, якая акрамя прапаганды лібэралізму Беларусі так і нічога і не дала. Усе гэтыя прэтэнзыі з боку польскіх уладаў выглядаюць вельмі сьмешна, на фоне непрыстойных паводзінаў іх саміх пад час маршаў незалежнасьці 11 лістапада.

Але на мой погляд у Польшчы і Беларусі разам ёсьць вялікі патэнцыял для разьвіцьця. Усе сфэры могуць быць задзейнічаны: ад палітыкі да культуры. У нас супольная гісторыя, шмат агульных традыцыяў. Я сам паходжу з Горадні, шмат размаўляю зь дзяцінства з палякамі, якія жывуць па два бакі мяжы, езьдзіў у Польшчу. Але ўсё тут залежыць ад вышэйзгаданых і створаных польскімі ўладамі прыпонаў у нашых стасункаў.

Што ж датычыць беларуска-расейскіх стасункаў, то тут ня ўсё так проста як здаецца на першы погляд. З аднаго боку Беларусь абвяшчае курс на інтэграцыю з Расеяй. Але зь іншага боку беларуская ўлада разумее небясьпеку, што зыходзіць ад Расеі. У нас зусім розныя палітычныя сыстэмы. У Расеі сёньня пануе жорсткі алігархічны лад. Большасьць прамысловасьці зруйнавана, краіна сядзіць на нафтава-газавай ігле. Пуцін як палітык чалавек не самастойны. Ён выступае мэнэджарам алігархаў. У такой сытуацыі там проста адсутнічае дзяржаўніцкі падыход. Што выгадна алігарху, тое ня выгадна дзяржаве. Пагэтуль вельмі часта з расейскага боку пачынаюць гучаць у адрас Беларусі розныя прэтэнзыі, весьціся гандлёвыя войны. Нас спрабуюць шантажаваць газавым і нафтавым венцелям. І мэта тут толькі адна – прыватызацыя беларускае прамысловасьці, ліквідацыя эканамічнае і палітычнае самастойнасьці Беларусі. Сёньня ў нас нават ствараюцца некамэрцыйныя арганізацыі рознага кшталту, якія фінансуюцца з Расеі і абслугоўваюць інтарэсы алігархаў. Цікава назіраць як імі засноўваюцца цэнтры па прапагандзе заходнерусізму (ідэалёгія расейскага царызму на Беларусі ў ХІХ ст.). Асабліва ўразіў мяне адзін эўразыйскі народны саюз у Беларусі, праграма якога настолькі лібэральная, што многія расейскія алігархі застануцца ў аўтсайдэрах у параўнаньні зь імі. І самае страшэннае тое, што гэты саюз ніякага дачыненьня да сапраўднага эўразыйства ня мае. Такія праалігархічныя арганізацыі аб’ядноўвае адна ідэя “інтэграцыя ёсьць прыватызацыя”. Намі такі падыход разумеецца як рэйдэрскі захоп Беларусі.

Аднак нельга тут ня выказацца і пра вялікую колькасьць пазытыўных момантаў. Эўразыйская эканамічная прастора дала мажлівасьць прадаваць беларускія тавары без абмежаваньняў. Наладжана вайсковае супрацоўніцтва. Будуецца супольнымі высілкамі атамная электрастанцыя. Але, на вялікі жаль, Расея ня ў стане з-за сваёй эканамічнай і прамысловай адсталасьці прынесьці ў Беларусь значныя інвэстыцыі. Пакуль толькі, наадварот, Беларусь спрабуе аднавіць у Расеі прамысловасьць, ствараючы свае зборачныя філіялы.

Што гэта паводле Вас сутнасьць беларускае тоеснасьці?

Увогуле пытаньне пра беларускую ідэнтычнасьць вельмі шматграннае. Тут пераплеценыя як спадчына ВКЛ і Рэчы Паспалітай, так і часы Расйскае імпэрыі. Тая ідэнтычнасьць, якую мы сёньня маем у Беларусі, канчаткова сфармавалася толькі ў гады незалежнасьці. Уявіце сабе, што яшчэ ў сярэдзіне ХХ ст. па апісаньні Яна Станкевіча ў Беларусі вялікая частка насельніцтва называла сябе ліцьвінамі і атаесамляла з спадкаемцамі ВКЛ. Яшчэ большая колькасьць называла сябе тутэйшымі. Так званая беларуская ідэнтычнасьць сфармавалася зьверху ў межах тагачаснай БССР. Калі зазірнуць на этнаграфічную мапу, то ідэнтычнае ў этнаграфічным пляне зь беларускім насельніцтва Смаленшчыны, Браншчыны, Дзьвіншчыны, Віленшчыны сябе зь беларусамі не атаесамлівае. Сустракаюцца прыклады, калі адна і тая ж сям’я падзяляецца мяжой і яе частка на тэрыторыі Беларусі лічыць сябе беларусамі, а частка сям’і за мяжой беларусамі сябе ня лічыць. Пагэтуль сучасная ідэнтычнасьць у большасьці сваёй зьяўляецца дзяржаўніцкай, а не этнічнай. Яна сфармавалася ў межах БССР 1945 г.

Але гэта не азначае, што беларуская ідэнтычнасьць ня мае старадаўніх каранёў. Проста зьбег гістарычных абставінаў прывёў да таго, што адбыўся разрыў паміж сучаснай тоеснасьцю насельніцтва Беларусі і той ідэнтычнасьцю, што панавала тут у дамадэрны час. Але засталася мэнтальная пераймальнасьць. Паглядзіце гісторыю ВКЛ часоў Вітаўта Вялікага. Як паводзіла тады сябе ўлада? Мажліва вынайсьці паралелі з сучасным станам. А самае дзіўнае, калі зьвярнуцца да мэнтальных архэтыпаў князя Вітаўта ў казках і параўнаць іх з біяграфіяй Аляксандра Лукашэнкі, то мы ўбачым шмат агульнага.

Сёньня шмат для каго Беларусь выступае загадкай, нонсэнсам, які цяжка зразумець. А праблема крыецца ў няправільным падыходзе. Калі мы хочам зьвярнуцца да палітычнае культуры дзяржавы, то мусім зьвярнуцца да яе гісторыі. І тады адразу ўсё стане на свае месцы. Мы ўбачым як тутэйшая мэнтальнасьць рэагуе на тыя ці іншыя выклікі. Гэта і будзе ключом да разуменьня сучаснае сытуацыі ў краіне. Бо карані палітычнае сыстэмы сёньняшняе Беларусі трэба шукаць у ВКЛ, падобна да таго як украінская палітыка мае свае карэньні ў часах Гетманшчыны 17 ст., а расейская ў маскоўскай дзяржаве.

Калі ж казаць у цэлым, то сутнасьць беларускай мэнтальнасьці праяўляецца ў адным цікавым архэтыпе, архэтыпе “Гаспадара”. Па-беларуску гэта слова азначае як простага арганізатара гаспадаркі, так і кіраўніка дзяржавы. Гаспадаром у сярэдгявеччы называлі вялікіх князёў літоўскіх. Дзяржава ж у старажытнасьці таксама мела назву “Гаспадарства”. І гэта назва, дарэчы паходзіць ад словазлучэньня “дарунак госпада”. Пагэтуль для беларуса ўлада, парадак, арганізацыя выступаюць асновай ягонай мэнтальнасьці. Мажліва сказаць, што Беларусь у гэтым сэнсе ёсьць славянская Прусыя.

Атаясамліваецеся зь цяперашняй сымболікай Рэспублікі Беларусьці з гістарычнай сымболікай?

glWButpLEUgХачу разьвеяць яшчэ адзін міт наконт так званай “нацыянальнай” сымболікі пад якой разумеюць бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня. Па-першае, бел-чырвона-белы сьцяг зьяўляецца толькі ў 1917 г. Яго аўтарам выступіў Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Сьцяг выкарыстоўвала ў сваіх мэтах партыя Беларуская Сацыялістычная Грамада. Пасьля ён быў прыняты як дзяржаўны ў БНР. З 1991 па 1995 гг. зьяўляўся дзяржаўным сьцягам Беларусі. Многія кажуць пра яго сярэднявечныя карэньні, але гэта няпраўда. Дзяржаўным сьцягам у ВКЛ быў чырвоны штандар з Пагоняй. Яшчэ выкарыстоваўся сьцяг сьвятога Юрыя. Ён выглядаў падобна на сучасны сьцяг Ангельшчыны ці Грузіі (белы сьцяг з чырвоным крыжам). Яго як раз часта і блытаюць зь бел-чырвона-белым.

Герб “Пагоня” мажліва прызнаць нацыянальнай каштоўнасьцю. Гэта стары сымбаль яшчэ дахрысьціянскае эпохі. У часы хрысьціянства Пагоню разглядалі як выяву сьв. Юрыя ці Мяркурыя Смаленскага. Яе выяву сёньня можна бачыць на банкноце беларускіх грошай самага буйнога наміналу. Яна выкарыстоўваецца ў сярэднявечных фэстах, сьвятах гарадоў. Дарэчы сучасныя беларускія ўлады яшчэ ў сярэдзіне 2000-х гг. прынялі рашэньне і надалі гербу “Пагоня” статус нацыянальна-культурнай каштоўнасьці. Сёньня ідзе працэдура наданьня статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці і бел-чырвона-беламу сьцягу. Пагэтуль казаць, што сучасная Беларусь ігнаруе гэтыя сымбалі, было б недарэчным. Увогуле праблема сымболікі ў краіне дужа палітызаваная і зьўляецца адным з момантаў маніпуляцыі грамадзкай думкай Беларусі. Дзіўна бачыць, калі нацыянальную сымболіку выкарыстоўваюць анархісты ці актывісты гей-супольнасьцяў, асабліва зь яе скрытым рэлігійным падтэкстам.

Што датычыць сучаснае сымболікі, то яна зьяўляецца мадыфікаванай савецкай. Але, як ня дзіўна, менавіта беларускі савецкі сьцяг быў самы самабытны сярод сьцягоў былых савецкіх рэспублік. Канечне, прыняцьце мадыфікаванае сымболікі была справай часу. Ішла барацьба на розных узроўнях, у тым ліку ідэйных. Сапраўды яе вяртаньне было сытуатыўным рашэньнем, а вынікі рэфэрэндуму – настальгіяй па зруйнаванай савецкай спадчыне.

На мой погляд у будучыні ўсё ж сучасная беларуская сымболіка будзе зьменена. Яна ня будзе ні савецкай і ні сымболікай БНР. Новымі сымбалямі павінен стаць кампрамісны варыянт. Я б прапанаваў зрабіць сьцягам штандар ВКЛ (чырвоны сьцяг з Пагоняй), а гербам Пагоню. Прычым у гэтым варыянце прысутнічаюць элемэнты абодвух сымболік.

Як ацэньваеце перыяд калі абшар сучаснай Беларусі быў часткай Вялікага Княўства Літоўскага і Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў? Чы трэба звярнуцца да ідэі  Рэчы Паспалітай сёньня?

На мой погляд трэба жорстка разьмяжоўваць пэрыяды ВКЛ і Рэчы Паспалітай абодвух народаў. У іх зусім адрозныя палітычныя традыцыі. ВКЛ выступала да пэўнага часу як клясычная аўтарытарная дзяржава. Аўтарытэт вялікага князя быў галоўным рычагом прыняцьця рашэньняў. Існавала жорсткая вэртыкаль улады. Арыстакратыя мела толькі дарадчы голас. Для беларусаў ВКЛ – гэта дзяржава з палітычным цэнтрам на нашых землях. Яна ўтваралася паміж Наваградкам і Вільняй. Шматлікія замкі там і сёньня нам нагадваюць аб былой велічы.

Зусім іншая справа з Рэччу Паспалітай. Яна ўтварылася ў самы неспрыяльны для нашых земляў час. Унутранае духовае разлажэньне, цяга мясцовай шляхты да польскіх залатых вольнасьцяў, крыза праваслаўя і каталіцтва, распаўсюджаньне шматлікіх сэктаў рознага кшталту і да ўсяго гэтага лівонская вайна з Масквой, акупацыя вялікай часткі тэрыторыі краіны. Вось у такіх умовах утваралася Рэч Паспалітая. ВКЛ страціла Ўкраіну. Палітычны і культурны цэнтар перамясьціўся ў Польшчу. Край станавіўся глыбокай правінцыяй. Яе самабытныя рэлігійныя і культурныя рысы ліквідоўваліся. Мы атрымалі ў выніку рэлігійныя канфлікты, казаччыну ва Ўкраіне, новыя войны з Масквой і поўную страту мясцовай палітычнай ідэнтычнасьці. У канцы 18 ст. тэрыторыя сучаснай Беларусі сталася глыбокай глухменьню.

Але гэтыя факты ні ў якім разе ня значаць, што нам нельга зьвяртацца да супольных з Польшчаю старонак гісторыі, а тым больш да стварэньня супольных геапалітычных праектаў. Наадварот, у Беларусі ды Польшчы ёсьць досыць вялікі хоць і няўдалы вопыт. Калі мы хочам чагосьці дасягнуць, то павінны зьвяртацца менавіта да яго. Беларусам сёньня варта быць больш рашучымі ў адстойваньні ўласных інтарэсаў, палякам адкінуць перажыткі мэсыянскіх мітаў наконт былых літоўскіх земляў. Трэба паглядзець адзін на другога як на роўных братоў як па крыві, так і па веры. У канцы канцоў усе мы хрысьціяне і перамаглі пад Грунвальдам і Венай менавіта разам.

Якое значэньне мае савецкі пэрыяд у гісторыі Беларусі? Якое было паводле Вас стаўленьне савецкае сыстэмы да беларускай традыцыі? Некаторыя аўтары ў сучаснае Расеі (напрыклад Алаксандар Дугін) і ў Польшчы пераконваюць, што савецкая палітычная сыстэма захавала некаторыя прыкметы традыцыйнае грамадзкасьці, што была бліжэйшая да традыцыі, чым заходняя дэмакратычная сыстэма. Ці магчыма згадзіцца з гэтым паглядам?

Што такое савецкі пэрыяд для Беларусі? Гэта канечне ж рэальнае фармаваньне менавіта сучаснае беларускае дзяржавы. З зьбяднелай, адсталай расейскай правінцыі мы пераўтварыліся ў індустрыяльную краіну. Беларусы паляцелі ў космас, адбудавалі цэлы стос заводаў і фабрык, сталі перадавой рэспублікай СССР. І трэба адзначыць, што тут мы займелі, хоць і ў скамячаным выглядзе, нацыянальную культуру. Колькі тэатраў, музэяў, галерэй было адчынена. Беларусы змаглі ўпершыню пасьля многіх гадоў займацца творчасьцю ў нацыянальным стылі. Згадаць хаця б нашага слыннага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. А колькі мастакоў, актораў і сьпевакоў нарадзіла БССР? Пагэтуль БССР як зьяву беларусам адкідаць ні ў якім разе нельга. Тут сфармавалася сучасная Беларусь зь яе плюсамі і мінусамі.

Што ж датычыць традыцыйных элемэнтаў у савецкай сыстэме, то сапраўды гэта мела месца. Ведаеце, мне на памяць прыходзіць канцэпцыя псэўдамарфозу Освальда Шпэнглера, згодна зь якой у некаторых краінах здараецца накладаньне сучасных сацыяльных інстытуцыяў на архаічныя формы сьветаўспрыняцьця. Так сапраўды і адбылося ў БССР. Аднак я б ня стаў ідэалізаваць у гэтым рэчышчы савецкую ўладу. Для Беларусі яна зьдзейсьнела непаўторную дагэтуль у краіне сацыяльную рэвалюцыю. Мы поўнасьцю зьмянілі структуры сацыяльных супольнасьцяў, урбанізавалі наш край. Гэтага таксама нельга не ўлічваць, калі мы кажам пра савецкую ўладу ў Беларусі.

Сёньня ў Польшчы расьце зацікаўленасьць такімі фігурамі як Станіслаў Булак-Балаховіч і Сэргюш (Сяргей) Пясэцкі, якія спалучаюць гістарыю абодвху нашых краін. Ці ў Беларусі таксама ёсьць такая зацікаўленасьць, напрыклад сярод маладых людзей?

Беларусь і Польшчу злучае даволі вялікая колькасьць дзеячоў, як палітычнага, так і культурнага, грамадзкага кшталту. Пасьля набыцьця незалежнасьці перад вачыма беларускай грамадзкасьці разгарнуліся невядомыя дагэтуль старонкі гісторыі. Частка імёнаў была нават уведзена ў пантэон герояў Беларусі. Што ж датычыць Станіслава Булак-Балаховіча, то сёньня наконт гэтай фігуры ня існуе агульнага меркаваньня. Адныя называюць яго нацыянальным правадыром Беларусі часоў вайны, іншыя – агентам польскага ўплыву. Сяргей Пясэцкі – асоба меншага маштабу. Яго кнігі сёньня доволі добра чытаюцца як моладдзю, так і людзьмі старэйшага веку. Увогуле сёньня ў Беларусі існуе вялікая цікаўнасьць да Заходняй Беларусі  1920-1939 гг.

Але сапраўднымі агульнымі героямі Польшчы і Беларусі маглі б стаць на маю думку Адам Міцкевіч і Кастусь Каліноўскі. Іх вуліцы ёсьць у абодвух сталіцах нашых дзяржаў, ім усталяваны помнікі. Гэтыя выдатныя асобы ўведзены ў нацыянальны пантэон герояў абодвух краін. Яны сапраўды аб’ядноўваюць нас.

Чы можаце прадставіць польскім чытачам сучасны беларускі правы лягер? Якія ёсьць Вашыя адносіны да супольнасьцяў як Ліга Вялікага Княўства Літоўскага ці Цэнтар Этнакасмалёгіі “Крыўя”?

За апошнія два гады правы рух Беларусі зьведаў даволі грунтоўныя зьмены. Мажліва акрэсьліць некалькі накірункаў права-кансэрватыўнага кшталту ў Беларусі на сёньняшні дзень. Гэта каталікі-традыцыяналісты, прыхільнікі лацінскае цывілізацыі зь Лігі Манархічнай ВКЛ. Яны вераць у аднаўленьне манархіі ў выглядзе ВКЛ у складзе агульнай Рэчы Паспалітай абодвух народаў. Эканамічныя погляды Лігі манархічнай мажліва акрэсьліць як прагу да свабоднага рынку. У гэтым пляне яны блізкія да нэакансэрватызму Тэтчар і Рэйгана, а калі параўноўваць іх з партыямі ўнутры Польшчы, то іх праграма акрамя мабыць манархічнай візіі, будзе бліжэйшая да партыі Права і справядлівасьць Качынскага. Кіраўнік Лігі манархічнай, спадар Аляксандар Стральцоў-Карвацкі сёньня зьяўляецца намесьнікам апазыцыйнае партыі БНФ.

Асобным фронтам ідуць прыхільнікі паганства. Тут мажліва выдзяліць сёньня два накірункі: асяродак паплечнікаў музыкі і паэта, кіраўніка гурта “Крывакрыж” Алеся Мікуса і Цэнтар этнакасмалёгіі “Крыўя”. Апошні мае больш чым 20-гадовую гісторыю, але пасьля стварэньня яе былым сябрам Аляксеем Дзермантам разам са сваімі паплечнікамі праекту “Цытадэль”, цэнтар згубіў былы дынамізм і жывасьць. Яго дзейнасьць ізноў зышла да чыста паганскае тэматыкі.

Трэці фронт прадстаўляюць сабою два праекты, якія бліжэй за ўсё набліжаны да рэальнае палітыкі і публічнай дыскусыі. Праект “Цытадэль”, які быў заснаваны акрамя ўжо згадана Аляксея Дзерманта, Ягорам Чурылавым, Аляксандрам Сінкевічам і Аляксандрам Шпакоўскім. Ён накіраваны на апэратыўнае рэагаваньне на падзеі ў краіне. У ім сацыял-кансэрватыўныя ідэі выкарыстоўваюцца ў рэальнай экспэртнай працы. Праект “Цытадэль” разгарнуў даволі шырокую дзейнасьць па супрацы з аналягічнымі кансэрватыўнымі асяродкамі ў суседніх краінах. Ім былі арганізаваны даволі ўдалыя канфэрэнцыі па пытаньнях месца Беларусі ў працэсах эўразыйскае ды эўрапейскае інтэграцыі. Таксама праект “Цытадэль” вядзе супрацу і зь іншымі экспэртнымі супольнасьцямі Беларусі, мае наладжаныя кантакты з ворганамі дзяржаўнае ўлады. Вельмі цікавым экспэрымэнтам “Цытадэлі” ў супрацы зь беларускімі ўладамі можа быць названы эканамічны рэгіянальны клястэр у Смаргонскім раёне. Гэты гаспадарчы экспэрымэнт накіраваны на пераход арганізацыі беларускае эканомікі на больш высокі ўзровень з прыцягненьнем кансэрватыўнага вопыту.

Эмблема ENGLКансэрватыўны Цэнтар “NOMOS” таксама мажліва акрэсьліць як сацыял-кансэрватыўны асяродак. У адрозьненьні ад “Цытадэлі” мы засяродзілі ўласную дзейнасьць на навуковым і адукацыйным накірунках. Мы мкнемся супрацоўнічаць з усімі асяродкамі, у тым ліку і левага (сацыялістычнага) кшталту. Яшчэ адным прыярытэтам для нас зьяўляецца прыцягненьне акадэмічных, навуковых кадраў да супрацы. Кансэрватызм сёньня ў Беларусі павінен стаць перш інтэлектуальным накірункам, бо хто валодае навукай, той валодае сьветам. Інтэграцыя беларускае акадэмічнае навукі ў кансэрватыўны дыскурс ёсьць адной з прыярытэтных нашых задач. Па-другое, тут трэба адзначыць і адукацыйна-выхаваўчую працу з моладдзю. Распаўсюджаньне сярод студэнтаў ідэяў кансэрватыўнае думкі, знаёмства маладзёнаў з клясыкамі кансэрватызму выступае для нас вельмі важкім напрамкам.

Польская прэса апісвае беларускую палітыку на аснове справаздачаў і камэнтароў гэтак званай дэмакратычнай апазыцыі, таму польскі чытач на практыцы можа пазнаёміцца толькі зь яе поглядам. Да нешматлікіх выключэньняў належаць артыкулы Алеся Белага, якія былы перакладзеныя на польскую мову ў апошнія годы. Што гэта за аўтар і якія яго пагляды? Якая Ваша ацэнка іх?

Увогуле праблемай беларускіх уладаў зьяўляецца тое, што яны ня могуць адэкватна праводзіць інфармацыйную палітыку, а значыцца і распавядаць сьвету пра свае дасягненьні. У такіх варунках дэзынфармацыя з боку апазыцыйных СМІ мае выгляд безальтэрнатыўнае манаполіі. Тут мажліва зьвяртацца толькі да прыватнага вопыту простых беларусаў.

Што датычыць Алеся Белага, то я ведаю яго як прафэсыйнага гісторыка, аўтара гістарычных прац па пытаньні паходжаньня назвы “Белая русь”. Таксама Алесь Белы вывучае гісторыю спажывецкай культуры Беларусі, зьяўляецца практыкуючым актыўным каталіком, мае аграсядзібу недалёка ад Менску, дзе спрабуе аднавіць наш традыцыйны побыт. Мне цяжка казаць аб ягоных зацемках пра Беларусь, якія я, на вялікі жаль, не чытаў, але, здаецца, што лепшым спосабам спазнаць беларускую рэчаіснасьць у такой сытуацыі можа быць толькі паездка да самой Беларусі. Пагэтуль запрашаю ўсіх палякаў да нас, у край замкаў і блакітных азёр.

Апублікавана ў Артыкулы, Навіны, Рознае з тэгамі , , , , , . Спасылка на гэты запіс. Падпісацца на RSS-стужку, каб сачыць за камэнтарамі.
  1. Аляксандар Чачанец напісаў:

    “Тая біяпалітыка лібэралізму, якую мы бачым сёньня, накіравана на руйнаваньне спрадвечных інстытуцыяў мацярынства і бацькоўства. Гэта тыповы таталітарызм”.
    - Gienijaĺnaja vysnova!

    “Мы захавалі практычна ўвесь рэальны сэктар эканомікі, а сельская гаспадарка за апошнія 10 год была мадэрнізаваная. Вялікая доля дзяржаўнае ўласнасьці дапамагае больш апэратыўна вырашаць пытаньні эканамічнага характару”.
    - Praśliaziŭsia! Suceĺny pazityŭ!

    “Будуецца супольнымі высілкамі атамная электрастанцыя”.
    - A-cha-cha! Rasija naviazala nam svoj prajekt, chacia liepšym byŭ francuski: u planie biaśpieki i vyhady. A ciapier, kali AES budzie pabudavanaja, my daskonu hetaj AES budziem zaliešyć ad Rasiji: paliva admyslovaha typu i zachavańnie adchodaŭ. To bok, Rasija zaŭsiody budzie dyktavać svaju canavuju palityku.

    “Сёньня ідзе працэдура наданьня статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці і бел-чырвона-беламу сьцягу”.
    - Adkuĺ takija źviestki? Pa majich dadzienych ulady admovilisia pryznać biel-čyrvona-biely ściah histaryčnaj kaštoŭnaściu.

  2. facebook.com  напісаў:

    Усё б добра, слушныя развагі аб маралі і духоўных вартасцях, але ўсё разбіваецца аб прагматызм эканомікі. Як можна рэальна пераадолець “несправядлівасьць разьмеркаваньня прыбыткаў”, якое вызвана рынкам?
    “Заробак цяпер вызначаецца не кваліфікацыяй, а рынкавай кан’юктурай.” Дык хто павінен вырашаць каму які заробак выдаткоўваць?

    “Пазаэканамічныя сфэры (войска, мэдыцына, адукацыя, культура, навука) ці дэградуюць пад ціскам рынкавае кан’юктуры ці развальваюцца з-за адсутнасьці справядлівага фінансаваньня.”
    Гэта можна аднесці хутчэй да нашай сітуацыі, чым да ЗША ці Заходняй Еўропы. Там ведаюць цэну і працы ўрача, і навуковаму даследванню і могуць пралічыць мэтазгоднасць выдаткавання сродкаў на абарону. У адрозненне ад нашай сітуацыі. І звязана гэта не з лібералізмам.

    “Мы захавалі практычна ўвесь рэальны сэктар эканомікі, а сельская гаспадарка за апошнія 10 год была мадэрнізаваная. Вялікая доля дзяржаўнае ўласнасьці дапамагае больш апэратыўна вырашаць пытаньні эканамічнага характару”.
    Рыдаю ад захаплення пра мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі і захавання рэальнага сектару. Калі рэальны сектар адстае ад міравога ўзроўню на пэўную колькасць гадоў па тэхналогіях, то з’яўляецца хутчэй баластам для ўсёй сістэмы, чым дасягненнем. І чаго ж гэта дзяржаўнае кіраванне, калі яно такое эфектыўнае, усё ніяк не павырашае праблемаў? Гэта зноў такі не мае дачынення да кансерватызму, на маю думку. Ці будуць прадпрыемствы ва асабістай уласнасці, ці ў дзяржаўнай… галоўнае, каб грошы заставаліся ў дзяржаве. А чым драбней уласнік, тым больш ён клапоціцца аб сваёй вотчыне.

    “Паглядзіце, куды не прыедзеш, у Польшчу, Расею, Украіну, Прыбалтыку, паўсюль беларусаў сустракаюць як сваіх. У нас няма адмоўнага антывобраза”.
    Вельмі спорнае цверджанне. Хутчэй беларус нідзе не мае павагі, бо не мае сваёй дакладнай пазіцыі. Так, антывобраза няма, бо часцей за ўсё няма і ніякага вобразу.

    “Прэзыдэнт Лукашэнка паставіў задачу ў хуткім часе адкрыць у Беларусі ўласны каталіцкі ўнівэрсытэт”.
    Бачна Папа і Патрыярх ужо сустрэліся ў Беларусі з падачы Прэзідэнта Лукашэнкі. Зараз засталося толькі па яго загаду адкрыць універсітэт. Але фінансаваць яго ён назрад ці збіраецца. На сам рэч Каталіцкая царква глядзіць на гэта неяк так І не будзе ў гэтым кірунку варушыцца тым больш, што ініцыятыва ідзе не з тога боку.

    “Беларусь спрабуе аднавіць у Расеі прамысловасьць, ствараючы свае зборачныя філіялы”
    Можа ёсць прыклады? Цікава.

    Пагоня “яе выяву сёньня можна бачыць на банкноце беларускіх грошай самага буйнога наміналу”.
    Можа дрэнна прыглядаўся, але так і не ўбачыў.

  3. Pingback:

Дадаць каментар

(C) 2012-2013 Кансэрватыўны цэнтар NOMOS.

Рекомендуем заказать магистерскую работу