Васіль Герасімчык. Праваслаўныя паўстанцы 1863-га.

Kryzh_pravaslawnykh_pawstantsawЗ часу Мураўёва-Вешальніка ў Расейскай імперыі закладалася ідэя, што праваслаўнае насельніцтва Беларусі не ўспрыняло мэты паўстання 1863 года, ставілася да яго рэзка негатыўна. Такая думка прасочваецца і ў аўтараў першых прац пасляпаўстанцкай хвалі, якія малявалі паўстанне як справу выключна шляхты ды ксяндзоў, а адказнасць за паразу намагаліся перакласці на пасіўнасць, варожасць тутэйшага, асабліва праваслаўнага, сялянства. У выніку, нават сёння існуе стэрэатып, у аснову якога была пакладзена мэта надаць паўстанню выгляд міжканфесійнага канфлікту: Divide et impera (“Падзяляй і ўладар”).

Аналізуючы тыя падзеі, расейскі палкоўнік Аляксандр Гейнс, які змагаўся супраць паўстанцаў у бітвах пад Коцкам, пры Калішы і Семяцічах, у асабістым лісце да свайго сябры Канстанціна Каўфмана, аднаго з наступнікаў Міхаіла Мураўёва на чале Паўночна-Заходняга края Імперыі, пісаў: афіцыйныя данясенні замоўчваюць факты “зацятай абыякавасці да нас сялян ва ўвесь час барацьбы”. “Гэта абыякавасць ішла так далёка, што, не ў дакор афіцыйным данясенням, многія рускія сяляне бралі ўдзел у паўстанні”. А ў маі 1863-га, напярэдадні Мілавідскай бітвы ў Слонімскім павеце, “сяляне цэлымі станамі прымалі праваслаўную прысягу на вернасць мецяжу…”.

images (12)Праваслаўныя сяляне з самага пачатку барацьбы былі шырока прадстаўлены ў паўстанцкіх атрадах Беласточчыны, удзельнічалі ў захопе горада Сураж (23.01) і бітве пад Семяцічамі (6-7.02). У атрадзе Старжынскага ваяваў 18-гадовы Казлоўскі Шымон Якубаў з вёскі Жаўткі (Беластоцкі ўезд). Касінерам у атрадзе Святлінскага (Пярун) быў 25-гадовы Талочка Савярыл Аўгусцінаў з вёскі Чэхі, у атрадзе Дзікоўскага два месяцы правёў 17-гадовы Дземянчык Маркель Ільіч з в. Лысы (абодва – Бельскі павет). З в. Студнякі Сакольскага павета адразу некалькі сялян пайшлі ў атрад Духінскага, у тым ліку 18-гадовы Сінкевіч Васіль Матвеяў, які таксама змагаўся пад кіраўніцтвам Улодака і Ўрублеўскага.

На Гарадзеншчыне паспяховы напад атрада падпалкоўніка Аляксандра Лянкевіча (Ляндэр) на кватэру лясніцтва ў Азёрах стаў для жыхароў мястэчка і ваколічных вёсак сігналам да пачатку барацьбы. 36 дабраахвотнікаў пры пяці стрэльбах атрымалі падмацаванне з амаль сотні новых паўстанцаў, сярод якіх было шмат праваслаўных. Адзін з іх – 17-гадовы панскі батрак Кучынскі Міхаіл Аляксееў з в. Талочкі ў сваіх паказаннях пасля амаль пяці месяцаў змагання адзначыў: “Мэтаю майго паступлення ў атрад было толькі тое, што абяцалі даваць грошы, і вольнасць”.

sierhiewicz_kkiwurapПаколькі Лянкевіч лічыў, што кожны чалавек мае права змагацца за свабоду, стрэльбы атрымалі нават зусім маладыя хлопцы, як 16-гадовы Кашэтук Адам Восіпаў з в. Гліняны і Аўсейнікаў Міхаіл Аўгусцінаў з в. Галавачы. Аднак ужо 4 мая на Святых Балотах у бітве супраць 2 рот царскай пяхоты і 30 казакаў на чале з падпаручнікам Мантойфелем паўстанцы былі разбітыя.

Аб вайсковых здольнасцях паўстанцаў праваслаўны селянін Бартанчук Антон Андрэеў (30 г., в. Гуціцы) сведчыў: Лянкевіч “даў мне старое ружжо і, прабыўшы некалькі дзён, быў пастаўлены на пікет. І калі я стаў баявым ружжом песціцца, але, не ведаючы як з ружжом абыходзіцца, неспадзявана выстраліў і ружжо разарвалося. З ім вярнуўся ў атрад, і ўжо ружжо было ад мяне забранае, а прыстаўлены да абоза, для пераношвання цяжару і ўвесь час насіў на сабе валізку з аптэчкамі, медыкаментамі. А так пры атрадзе знаходзячыся бадзяўся па розных невядомых мне лясах. І аднойчы, калі атрад быў нагнаны расейскімі войскамі і збег, быў нагнаны расейскімі двума салдатамі, з якіх адзін мяне параніў штыхом у правае плячо, то я, адчуўшы боль, валізку, якую нёс, кінуў і сам ратаваўся ўцёкамі, і праходзячы па лесе сустрэўся з атрадамі Гідва і Астрогі, якія мяне ў сувязі з атрыманай ранаю да атрада не прынялі”.

images (10)Хуткае паражэнне супыніла шырокі ўздым Гродзенскага павета. Аднак многія з тых, хто далучыўся да ліку змагароў, ужо не складаў збоі да самага канца, як праваслаўны 21-гадовы садоўнік Сямёнаўскі Іван Міхайлаў з маёнтка Віланаў. Пасля паражэння атрада Лянкевіча, Сямёнаўскі пайшоў да Раматоўскага (Вавер) ў Аўгустоўскіх лясах. Затым ён дзейнічаў у атрадах Гласкі, Калышкі і Клімкевіча. Стаў сведкам сялянскай дапамогі паўстанцам харчаваннем, указаннямі дарогі, паведамленнямі аб набліжэнні варожых царскіх войскаў. Сямёнаўскі пабачыў павешанне за даносы двух сялян у Царстве Польскім ды аднаго немца ў мястэчку Сапоцкіна, за спробу збегчы з атрада.

Падтрымлівала паўстанне і частка праваслаўнага духавенства ў Беларусі, 14 прадстаўнікоў якога за гэта былі рэпрэсаваныя. У атрадзе Каржэнеўскага дзейнічаў 42-гадовы манах Супрасльскага манастыра Феадосій Дымінскі. З сям’і патомнага духавенства, ён у 1847 паступіў у Віленскі Духаў манастыр пад імем Іосіфа, дзе быў паслушнікам. Праз пяць гадоў пастрыжаны ў манахі прэасвяшчэнным вікарным Філарэтам і найменаваны Феадосіям. Жыў у некалькіх манастырах Літвы, пакуль у лютым 1859 не быў пераведзены ў Супральскі манастыр, скуль 26 жніўня 1863 атрымаў перавод у Жыровіцкі манастыр Слонімскага павета, падарожнічаючы куды і патрапіў у паўстанцкі атрад.

Да паўстання прызываў 43-гадовы праваслаўны святар Мікалай Мароз, які кіраваў царквою ў Лапаціна пад Пінскам. Пасля набажэнства ён збіраў у сябе на кватэры праваслаўную шляхту з ваколіц вёскі Колбы, чытаў ёй маніфест паўстанцкага ўрада і ўгаворваў далучацца да атрадаў. Калі ж шляхта не згадзілася, сказаў: “За гэта можна атрымаць і кулю ў лоб”. Спрабаваў айцец Мікалай пераканаць і свайго дыякана Пракаповіча: “Няма чаго баяцца паўстанцаў, я і сябе, і вас змагу абараніць”. На Мароза ў паліцыю данёс святар Страховіч з суседніх Місяціч, з якім у айца Мікалая былі не надта цёплыя адносіны. У выніку па патрабаванні М. Мураўёва Сінод пазбавіў Мароза духоўнага звання, пасля чаго той быў адпраўлены на 10 гадоў катаржных прац у крэпасцях.

BZ3KaKzXpL4У адрозненні ад пінскай шляхты, якую айцу Мікалаю Марозу не атрымалася загітаваць да ўдзелу ў паўстанні, у суседняй Слонімшчыне такія выпадкі сустракаліся. 21-гадовы праваслаўны дваранін Карэцінскі Іпаліт Восіпаў, які вучыў сялянскіх дзяцей у ваколіцах мястэчка Быцень, у маі 1863 года далучыўся да атрада Францішка Юндзіла і 3 чэрвеня прыняў удзел у бітве пад Мілавідамі, дзе адбылося самае вядомае ў Беларусі ўзброенае сутыкненне паміж паўстанцамі і царскай арміяй.

У Мілавідскай бітве праваслаўныя зрабіліся значнай часткай паўстанцкага войска. Так, у Слонімскім атрадзе іх была, як мінімум, трэць. Амаль усё дарослае мужчынскае насельніцтва сучаснага цэнтра праваслаўя ў Беларусі – мястэчка Жыровічы падалося ў паўстанцы, разам з чатырма прадстаўнікамі духавенства Жыровіцкага манастыра, якія сталі касінерамі і пазней далучыліся да атрада Валерыя Ўрублеўскага. Сярод іх – 19-гадовы Іван Шышко з в. Добрая Воля Ваўкавыскага павета, што служыў пры жыровіцкім архімандрыце.

fotoУваходзілі праваслаўныя сяляне і ў іншыя атрады, сабраныя ў паўстанцкім лагеры на мяжы Гродзенскай і Мінскай губерняў. Сярод іх 27-гадовы ўдзельнік атрада Лянкевіча Міхаіл Семянчук з в. Шчэчыцы (сёння – Мастоўскі раён). У сваіх паказаннях, як і большасць паўстанцаў, для захавання ўласнага жыцця, ён гаварыў пра прымусовае далучэнне да атрада, у той жа час пазначыўшы: “у шайку вярбоўшчыкамі людзей дастаўляема не было, але ўсялякі з’яўляўся дабраахвотна”. М. Семянчук быў узброены аднаствольным ружжом і пісталетам. Пераважная ж большасць сялян з’яўлялася касінерамі і мела двувострыя косы з круком унізе ляза, насаджаныя на дрэўка і абматаныя вакол яго дротам, знятым з тэлеграфнай лініі.

Кіраўніком адной з частак касінераў у Мілавідскай бітве быў 20-гадовы праваслаўны мяшчанін Аляксандр Унгэбаўэр, які да паўстання працаваў сталяром у родным Навагрудку. Даведаўшыся пра адыход жыхароў горада ў Налібоцкія лясы, дабраахвотна падаўся туды разам з братам, каб далучыцца да атрада Вітольда Міладоўскага і ксяндза Феліцыяна Лукашэвіча. Удзельнічаў у сутычках пад Сяльцом, Крывошыным, Ігнатавым і Львоўшчынай. Па загадзе Міладоўскага кіраваў павешаннем селяніна, падазраванага ў шпіёнстве на карысць расейцаў. Сам Міладоўскі, які выдаў імёны ўдзельнікаў той акцыі ды шмат іншых паўстанцаў, застаўся жывы. У адрозненні ад схопленага Унгэбаўэра, якога растралялі ў Навагрудку 20 студзеня 1864 г.

q3G3nah-nM4Тады ж на пляцы за горадам расейцы растралялі і 22-гадовага праваслаўнага мяшчаніна Ўладзіслава Смыслава з Навагрудка, які да сыходу ў атрад працаваў фельчарам у Крошыне, на радзіме паэта Паўлюка Багрыма. У атрадзе Міладоўскага Смыслаў даглядаў параненых, але запляміў сябе ўдзелам у павешанні селяніна, здзейсненага групай паўстанцаў на чале з Унгэбаўэрам. Генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў адхіліў рэкамендацыю суда аб замене смяротнага пакарання ссылкай у катаргу.

Ні праваслаўнае веравызнанне, ні юнацкі ўзрост не былі перашкодаю ў вынясенні жорсткіх пакаранняў за ўдзел у Мілавідскай бітве, у якой расейцы пацярпелі паражэнне. У Сібір былі адпраўленыя нават 16-гадовы Дудзіноўскі Леон Рыгораў з Гавінавічаў і 17-гадовы Мушынскі Іосіф Іваноў з Альбярціна.

Да паўстанцаў далучаліся і праваслаўныя расейцы, як у выпадку афіцэраў з Наваінгерманландскага палка: прапаршчыкі Рэмішэўскі і Ельчанінаў перайшлі ў мінскі атрад студэнта Трусава. Пасля паражэння яны здолелі эміграваць у Парыж і сталі вучнямі гадзіннікавых спраў майстра.

Y08swZrBtBkНават гэтыя некалькі прыкладаў паказваюць, што думка быццам у паўстанні 1863-1864 гг. паўстанцы былі выключна каталікамі, а праваслаўныя выступалі толькі на баку расейскіх ўладаў з’яўляецца не проста памылковай, але і шкоднай для разумення нашай гісторыі. Насамрэч, як сярод тых, хто падтрымліваў расейцаў, выдаваў паўстанцаў, пісаў даносы было шмат каталікоў, так і сярод паўстанцаў было дужа праваслаўных, якія ўдзельнічалі ў бітвах, паказвалі дарогу і перадавалі інфармацыю пра перамяшчэнне царскіх войскаў, хавалі ў сваіх хатах параненых, дапамагалі тым ежаю. Прычым лік праваслаўных паўстанцаў у Беларусі ішоў на сотні, а, магчыма, і на тысячы.

Апублікавана ў Айчынная гісторыя, Артыкулы, Навіны, Рознае з тэгамі , , , , , , , , . Спасылка на гэты запіс. Падпісацца на RSS-стужку, каб сачыць за камэнтарамі.

(C) 2012-2013 Кансэрватыўны цэнтар NOMOS.

Рекомендуем заказать магистерскую работу