Васіль Герасімчык. Беларуская вёска як самы беларускі элемент.

2af5aaabdd3a205d61d85f5693682ad4“І што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў тваім воку не адчуваеш?”
1. Праблема ўспрымання “беларушчыны”, у якасці крытэра якой разглядаю Купалаўскі верш “Ворагам беларушчыны”, у нашым грамадстве ляжыць далёка не ў “вёсцы” як прасторы, а на ўзроўні мыслення ў глыбока закладзеных стэрэатыпах, кшталту “калгаснай мовы” і “калхознік”. На жаль, мы самі працягваем іх культываваць, коўзаемся ў іх, быццам брудзе ўласнай недасканаласці, замест таго, каб напоўніць іх новым змесцівам.

2. Беларуская традыцыйная культура – гэта перш за ўсё культура, прастора якой – “вёска”, а галоўны герой – “селянін”. Час змяніўся, успрыманне тэкстаў змянілася. Класіка згубіла прыцягальнасць праблемаў душэўнага змесціва чалавека, і ўспрымаецца толькі праз форму. Сёння далёка не кожны будзе шукаць глыбокі падтэкст, напрыклад, актуальнага і сёння купалаўскага “Мужыка” пачатку ХХ стагоддзя. У моладзі новыя героі, якія былі сфармаваныя ў асяроддзі “горада”, “вуліцы”, цяпер “сеціва”. Месца вёсцы ў гэтай сістэме каардынат не засталося.
3. Менавіта “горад” з’яўляецца згубным для “вёскі”, якая не ў стане выйграць у яго канкурэнцыю за моладзь. “Горад” асацыюецца з пэўнымі “выгодамі”, цікавым баўленнем часу, пэўнай палёгкай у ладзе жыцця і занятках. На жаль, гэтыя стэрэатыпы працягваюць культывавацца, застаючыся прыцягальнымі для падрастаючага пакалення. Дзяржава не ў стане з імі змагацца, нават коштам арганізацыі аграгарадкоў, таму працэс урбанізацыі працягваецца.
4. Частка моладзі, якая накіроўваецца ў горад за “лепшым жыццём”, загаддзя рыхтуецца да адмаўлення сваёй “вясковай” ідэнтычнасці, сваіх каранёў, паколькі лічыць, што новы гарадскі асяродак – гэта антонім таго, дзе яны гадаваліся папярэдне. Але ў гэтым плане малады чалавек дзейнічае ў адпаведнасці з той мэтай, якая закладалася ў яго з маленства – “выбіцца ў людзі”.
5. Вясковая моладзь – гэта перш за ўсё “пасіянарыі”, якія імкнуцца праз самарэалізацыю дасягнуць пэўнага сацыяльнага статусу. І тут не справа ў інтэлектуальных або фізічных здольнасцях. Гэта на ўзроўні характару. Ім увесь час неабходна даказваць, што яны чагосьці вартыя ў новым для іх асяродку, дзе ў стане разлічваць толькі на сябе. Далучыцца і быць “актывістам” якой арганізацыі, кшталту БРСМ, прафкама, або каманды – гэта, насамрэч, важная праява сацыялізацыі і выпрабаванне ўласных здольнасцяў, першая прыступка на кар’ерным шляху. Што ў гэтым дрэннага? Наадварот.
6. На ўспрыманні “беларушчыны” згубна сказаліся адносіны ў нашым грамадстве ў 1990-я гады, калі “беларуская мова” пачала асацыявацца як прыкмета “апазіцыянера”. На жаль, гэты стэрэатып да сёння існуе ў грамадстве і з’яўляецца вельмі згубным для яго. Але ў вёсцы ўсё роўна застаецца “свая” мова.
7. Беларусь будзе існаваць да таго часу, пакуль будзе існаваць беларуская вёска.
Для “горада” беларушчына – гэта толькі трэнд, мода пэўнай колькасці гараджан, у іх імкненні чымсьці заняць вольны час, які б у вёсцы займалі, напрыклад, працаю на гародчыку. І далёка не заўсёды дэманстратыўная беларушчына з’яўляецца паказальнікам сапраўднай. У той час як у вёсцы людзі ў большасці выпадкаў нават не задаюцца такім пытаннем, працягваючы размаўляць па-свойму, працаваць для таго “Каб не было вайны” і проста жыць.

P.S. А “нянавісць” да беларушчыны, пра якую казаў Антось Звычайны – гэта занадта моцнае слова, каб яго адчуваць насамрэч. Як і пазнакі “большасць вясковай моладзі” vs. “значная колькасць гарадской моладзі”. Усё гэта вельмі суб’ектыўна. І як бы хто не казаў у горадзе, большасць беларускамоўных школ сканцэнтравана менавіта ў вёсцы. І дзякуючы ім вядзецца праца на карысць “беларушчыны”. Як і дзякуючы Дзяржаве, якая асабліва ў апошнія гады актыўна працуе ў дадзеным накірунку.
Нашая гісторыя вучыць нас толькі аднаму – мы заўсёды знаходзім вінаватых у нашай уласнай недасканаласці. На нашым цемячку ад самага нараджэння маецца адзнака дамоклавага мяча, якая прымушае нас лічыць сябе горш за іншых. Калі ж мы навучымся перш за ўсё параўноўваць сябе з самімі сабою, а ўжо пасля з іншымі?

Апублікавана ў Артыкулы, Навіны, Палітыка-гаспадарчая лябараторыя,, Рознае з тэгамі , , , . Спасылка на гэты запіс. Падпісацца на RSS-стужку, каб сачыць за камэнтарамі.

(C) 2012-2013 Кансэрватыўны цэнтар NOMOS.

Рекомендуем заказать магистерскую работу