Барыс Шчука. Дзень Юр’я — дзень Перамогі.

wPkSfLhXjcoУ фільме Зінаіды Мажэйкі “Пранясі, Божа, хмару” адна жанчына распавядае пра крыжы і ручнікі-абыдзённікі, якія рабілі ў іхняй вёсцы, каб спыніць вайну. Вяскоўцы там прадказвалі, што вайна з немцамі скончыцца “на Юрая”, то бок, на Юр’еў дзень. Гэтае — магчыма, выпадковае і ненаўмыснае — атаесамленне Юр’ева дня і Перамогі можа насамрэч быць дзейсным і карысным для беларусаў. Калі ня сёння, то ў будучыні.

Паразважаем.
Юр’еў дзень, найхутчэй, вызначаецца астранамічна, таму з’яўляецца не фіксаваным, а рухомым і прыпадае на перыяд каля сучаснага праваслаўнага Юр’і, то бок, 6-га траўня. Дзень Перамогі 9-га траўня знаходзіцца вельмі блізка.

Хрысціянскі атрыбут Юр’і-Георгія — “Пераможац” — і ягоны ваяўнічы вобраз стоадсоткава падыходзяць для свята вайсковай перамогі. “Георгіеўская стужачка”, якая з лёгкай рукі савецкіх і постсавецкіх паліттэхнолагаў асацыюецца са святам 9-га траўня, гуляе на карысць такому атаесамленню.

Паганскія ўяўленні пра Юр’ю-Яр’ю-Ярылу як пра плодны пачатак, спараджальніка-зачынальніка ўсяго, “аўтара”, перагукаюцца з сучаснымі афіцыйнымі ўяўленнямі пра Перамогу ў Другой сусветнай як, ні многа ні мала, пачатковы пункт развіцця сённяшняй беларускай нацыі.

Сам вершнік, дарэчы, ёсць старажытным сімвалам волі, якая перамагае, плённа накіроўвае хаатычныя памкненні адпаведнага сабе цела-інструменту (“каня”). Тады цмок, якога забівае такі вершнік — сімвал ужо навакольнага хаосу, няспыннага старэння і распаду. Воля перамагае хаос і час.

…Падабаецца нам або не, але міф Вялікай Перамогі з’яўляецца адным са стрыжнёвых элементаў сучаснай беларускай ідэалогіі. Перамога выкарыстоўваецца як функцыянальны сімвал, здольны на практыцы аб’яднаць пераважную большасць людзей. Прынцып дзеяння просты: гэта пастаянны напамін аб нейкім значным супольным поспеху, які выклікае супольныя станоўчыя пачуцці. Асабліва эфектыўны ён таму, што вайна і перамога яшчэ знаходзяцца ў жывой памяці.

І магчыма, што з часам, па згубе жывой памяці і поўнай замене яе на казкі з ужо далёкай мінуўшчыны, гэтае свята перастане быць эфектыўным сімвалам. Яно тады можа запатрабаваць “дапрацоўкі”, нейкага “асвяжэння”, узмацнення.

Адным з варыянтаў для дзяржідэолагаў магло б быць спалучэнне Дня Перамогі і Юр’ева дня. Перамога прывязаная да канкрэтнай гістарычнай даты; сам тып святаў, прывязаных да гістарычных падзей, уласцівы грамадствам з лінейным успрыманнем часу. Юр’я ж — як хрысціянскі святы ці паганскі бог — надзелены ўласцівасцямі, якія ПА-ЗА часам і гісторыяй; яго ўшанаванне адносіцца да грамадстваў з цыклічным успрыманнем часу.

Такім чынам, калі ўявіць, што мы спалучаем Дзень Перамогі і Юр’ю, то мы надаём Дню Перамогі рысы вечнасці, пазачасавасці, тагасветнасці, якія могуць, тэарэтычна, паглыбіць успрыманне народам гэтага дня.

Да таго ж, вельмі прывабным выглядае спалучэнне цыклічнага і лінейнага ўспрымання часу і гісторыі. Калі ў трохмернай прасторы спалучыць рух наперад па лініі і рух па коле, то атрымаем… рух па спіралі. Устойлівы рух, які адпавядае логіцы любога развіцця.

Апублікавана ў Айчынная гісторыя, Артыкулы, Гісторыя ідэй, Грамадазнаўства, Культура і мастацтва, Навіны, Рознае, Свабодная акадэмія з тэгамі , , , , , . Спасылка на гэты запіс. Падпісацца на RSS-стужку, каб сачыць за камэнтарамі.

(C) 2012-2013 Кансэрватыўны цэнтар NOMOS.

Рекомендуем заказать магистерскую работу