Аб цэнтры

Кансэрватыўны цэнтар “NOMOS”: базавыя палажэньні

Ідэя стварэньня.

Кансэрватыўны цэнтар NOMOS быў заснаваны ўвосень 2011 г. маладымі навукоўцамі Беларусі (студэнтамі, маґістрантамі, асьпірантамі, выпускнікамі, навуковымі супрацоўнікамі, маладымі выкладчыкамі) для стымуляваньня й падтрыманьня аўтэнтычнага беларускага сьветагляду, шляхам фармаваньня й розьвітку фундамэнтальных айчынных навуковых дасьледаваньняў. На працягу свайго навучаньня і першых крокаў навуковае дзейнасьці заснавальнікі NOMOS’у канстатавалі крызу фундамэнтальнае навукі, як на постсавецкае прасторы, так і ў краінах Заходняе Эўропы і ЗША. Беларусь не зьяўляецца выключэньнем. Яе асаблівасьць складаецца ў напляставаньні марксысцка-ленінскае спадчыны СССР з нацыяналістычнымі перажыткамі пачатку ХХ ст., што ўсплылі ў 1990-я гг. і сучаснымі спробамі імпартаваць лібэральны праект Захаду. Усе дадзеныя сьветаглядныя канструкты зьяўляюцца нерэлевантнымі выклікам сучаснасьці, падрываюць самабытнасьць ды бясьпеку Рэспублікі Беларусь, ставяць нашу краіну ў неканкурэнтаздольнае становішча. Заснавальнікі NOMOS’у вырашылі паспрабаваць выпрацаваць стратэгію, якая адпавядае выклікам часу, і здольная стаць ключом да разьвіцьця фундамэнтальнае навукі й грамадзкае сьвядомасьці ў Беларусі.

Мэта Кансэрватыўнага цэнтру NOMOS.

Кансэрватыўны цэнтар NOMOS бачыць уласную місыю ў пераадоленьні таго сьветагляднага каляпсу, які стварыўся ў нашае краіне. Можна канстатаваць, што ў Беларусі, пры наяўнасьці мабілізацыйнага дзяржаўнага патэнцыялу, не зьвяртаецца ўвага на гуманітарны сьветаглядны вакуўм, які сфармаваўся пасьля распаду СССР. Разумная ідэя стварыць дзяржаўную ідэалёґію натыкнулася на адсутнасьць кампэтэнтных кадраў. Няма таго сьветагляднага стрыжня, які можа мабілізаваць грамадзтва Беларусі. У сувязі з гэтым Кансэрватыўны цэнтар NOMOS ставіць сабе за мэту на падставе інавацыйнага матар’ялу сусьветнае фундамэнтальнае навукі і аналізу асаблівасьцяў Беларусі распрацаваць сьветаглядныя падставы, рэлевантныя выклікам сучаснага глябальнага сьвету. Дадзеная мэта апынецца выканальнай толькі на падставе звароту да традыцыйных і кансэрватыўных каштоўнасьцяў беларускага народу.

ЧАМУ КАНСЭРВАТЫЗМ?

На працягу больш за два стагодзьдзі Заходняя Эўропа зьяўлялася гэтакай фабрыкай думкі, задавала тон сваімі ідэаляґічнымі і сьветагляднымі канструктамі усяму сьвету. Французкая буржуазная рэвалюцыя выкрышталізавала фундамэнтальныя прынцыпы грамадзтва мадэрну (індустрыяльнага грамадзтва), заснаваныя на “дуалізацыі”, падвоенасьці быцьця, сьвету, а таксама на ўжываньні мэханістычных падыходаў тэхнічных навук да грамадзтва й чалавека. Так у сьветапоглядзе замацавалася дыхатамія суб’екта і аб’екта, розуму й пачуцьцёвасьці, чорнага й белага, культуры й прыроды. Усе мэтоды разуменьня і ўсьведамленьня зводзіліся да мэханічнага выяўленьня ды проціпастаўленьня скрайніх кропак, стварэньня бінарных схемаў, прымітывізацыі ўсяго да роўню ацэнкавага мэханізму “добрае-дрэннае”. На дадзенай фундамэнтальнай аснове сфармаваліся ТРЫ РОДНАСНЫЯ ІДЭАЛЁҐІІ МАДЭРНУ: ЛІБЭРАЛІЗМ, САЦЫЯЛІЗМ І ФАШЫЗМ. Усе гэтыя пералічаныя ідэалёґіі зводзіліся да азначэньня суб’екта (індывід, кляса, раса), выяўленьню ідэальнае мадэлі (грамадзтва вольнага рынка,

бясклясавае грамадзтва, плянэтарны райх) і жаданьню ўніфікацыі ўсяго сьвету (аб’екта) па схеме гэтае ідэаляґізаванае мадэлі. Ідэалёґіі мадэрну ставілі перад сабой задачу пабудовы гуманнага грамадзтва дастатку, спакою й парадку. Аднак уся гісторыя ХІХ-ХХІ стст. паказала, што “гуманізм” лібэралізму, сацыялізму й фашызму зьяўляецца адарванай канструкцыяй, абстрактнай ідэяй, фікцыяй не зьвязанай ніякім чынам з рэальнай практыкай, у якой мадэрнымі ідэалёґіямі да чалавецтва ўжываюцца мэханістычныя падыходы тэхнічных навук. АХВЯРАМІ ЖАХЛІВЫХ ЭКСПЭРЫМЭНТАЎ ЛІБЭРАЛІЗМУ, САЦЫЯЛІЗМУ Й ФАШЫЗМУ СТАНОВЯЦЦА МІЛЬЁНЫ ЛЮДЗЕЙ.

Зь перайсьцем да постмадэрну (эпохі ґлябальнага сьвету) НЕАДЭКВАТНАСЬЦЬ, САСТАРЭЛАСЬЦЬ І ПРЫМІТЫЎНАСЬЦЬ ІДЭАЛЁҐІЙ МАДЭРНУ АПЫНУЛАСЯ ЯШЧЭ БОЛЬШ ВІДАВОЧНАЙ ПЕРАД ВЫКЛІКАМІ ЧАСУ. Сучасная сьветаглядная, эканамічная, палітычная й сацыяльная крыза ў яе ґлябальным маштабе зьяўляецца таму пацьверджаньнем.

Адзіным сьветапоглядам, які ўспрыняў факт існаваньня эпохі мадэрну і тых зьмен, якія яна прынесла, і які выступіў пры гэтым супраць дадзенага праекту, за яго пераадоленьне, стаўся КАНСЭРВАТЫЗМ. Зьявіўшыся ў канцы XVIII ст., кансэрватыўны сьветапогляд выступіў зь цьвёрдай крытыкай тае дуальнае, падвойнае, схематызаванае, мэханізаванае і абмежаванае мадэлі сьвету, прапанаванае ідэалёґіямі мадэрну. Апынуўшыся на пэрыфэрыі, у меншасьці, кансэрватыўныя мысьляры сфармавалі альтэрнатыўную мадэрнай, шмат у чым аванґардную, арґанічную карціну сьвету, дзе прырода й чалавек, фізычнае й духовае, асабістае й грамадзкае, сусьветнае й рэгіянальнае суіснуюць у жывой, шматукладнай, цэласнай структуры, дапаўняючы, карэктуючы адно другое. Ужо ў ХІХ — пач. ХХ стст. кансэрватары спраґназавалі тыя крызавыя зьявы, якія адчуваюцца сёньня намі. Раўналежна імі быў напрацаваны матар’ял магчымага пераадоленьня гуманітарнага каляпсу й стварэньня новае грамадзкае мадэлі. Фундамэнтальны кансэрватызм можна сёньня па праву назваць чацьвертай сьветагляднай тэорыяй. Выкарыстаньне яго напрацовак, а таксама фармаваньне на яго аснове новых пошукаў фундамэнтальнае навукі дасі магчымасьць сучаснай Беларусі скарыстацца ўсёй поўнасьцю свайго мабілізацыйнага патэнцыялу, сфармуляваць адэкватны адказ тым крызавым выклікам і надзвычайным сытуацыям.

Сьветаглядныя прынцыпы Кансэрватыўнага цэнтру NOMOS.

Кансэрватыўны цэнтар NOMOS падзяляе традыцыйныя й фундамэнтальныя асновы самабытнасьці беларускага народу, яго сьветаразуменьня ды сьветаадчуваньня.

Асноўнымі сьветагляднымі прынцыпамі Кансэрватыўнага цэнтру NOMOS зьяўляюцца: ПРАЦА-СЯМ’Я-РАДЗІМА.

  • ПРАЦА → галоўнай асновай разьвіцьця чалавецтва зьяўляецца яго творчы патэнцыял, жаданьне ствараць новае, дзеяць. Працавітасьць, заснаваная на прынцыпах: α) кампэтэнтнасьці, δ) адказнасьці, γ) прафэсыйнасьці выступае лякаматывам разьвіцьця грамадзтва, у цэнтры якога знаходзіцца чалавек. Менавіта творчы патэнцыял працавітасьці і вызначае ўсю шырыню чалавечае свабоды, узровень яе напаўненьня. Толькі ў дадзеным творчым разуменьні свабода адчыняе свой патэнцыял, які нясе справядлівасьць у грамадзкія адносіны. Працавітасьць і яе творчы патэнцыял ёсьць тыя паказчыкі, якія і адлюстроўваюць справядлівае месца кожнага ў грамадзтве, выступаюць як гарантыі правоў чалавека;
  • СЯМ’Я → любое чалавечае грамадзтва, ставіць сваёй мэтай самазахаваньне й прымнажэньне, аднак чалавек зьяўляецца ня толькі біяляґічнай істотай, але таксама й духовым фэномэнам. Самазахаваньне сваіх біяляґічных, духовых і сацыяльных асноў чалавек можа зрабіць толькі ў межах арґанічнага інстытуту сям’і, дзе на падставе натуральных этнамэнтальных, традыцыйных ды культурных каштоўнасьцяў ён зможа шляхам α) выхаваньня, δ) адукацыі, γ) турботы, стварыць умовы й магчымасьці цэласнага розьвітку сваім будучым пакаленьням, узяць на сябе прамую адказнасьць за іх лёс. Абарона інстытуцыяў мацярынства й бацькоўства, падтрыманьне фізычнага й духовага здароўя, прышчапленьне высокага роўню сьвядомасьці ды сумленнасьці дазволіць выправіць сучасны дэмаграфічны каляпс ня толькі ў колькасным, але і ў якасным рэчышчы, зрабіць інстытуцыю паўнавартаснае сям’і тым цэнтрам, дзе будуць выкрышталізоўвацца нашыя гонар і надзея;
  • РАДЗІМА → кожнае грамадзтва знаходзіцца ў вызначаным ґеаґрафічным становішчы, мае непаўторную гісторыю, а таксама разнастайныя этнамэнтальныя асаблівасьці. Ад малога рэгіёну да велізарнае ґеапалітычнае прасторы гэтыя асаблівасьці грамадзтва, іх неўсьвядомленыя й сьветаглядныя асновы ўплываюць на працэсы грамадзкага разьвіцьця. Толькі засноўваючыся на гэтых арґанічных асаблівасьцях розных рэгіёнаў, мяркуецца магчымым мець плюралістычную, шматукладную сусьветную прастору, што пераадольвае заганнае кола экспансыянісцкіх практык і ўнівэрсалісцкіх тэорый, накіраваных на ўніфікацыю сьвету паводле аднаго адзінага ўзору. Каштоўнасьць Радзімы ад яе рэгіянальнага й лякальнага характару да ґеапалітычнага шырокага ўсьведамленьня зьяўляецца менавіта той магчымасьцю захаваньня й памнажэньня разнастайнасьці на плянэце. Арґанічнае цэласнае і ўстойлівае разьвіцьцё грамадзтва адчыняе шлях натуральнага прынцыпу салідарнасьці, сацыяльнага супрацоўніцтва й партнэрства.

Прыярытэтныя задачы Кансэрватыўнага цэнтру NOMOS.

1) Стварэньне, умацаваньне й разьвіцьцё фабрыкаў думкі як маґістральнага кірунку грамадзянскае супольнасьці Беларусі, заснаваных на прынцыпах кампэтэнтнасьці, адказнасьці ды прафэсыйнасьці;

2) Падвышэньне якасьці інфармацыйнага, аналітычнага і адукацыйнага забесьпячэньня прадстаўнікоў грамадзянскае супольнасьці, дзяржаўных ворганаў улады, адукацыйных й культурна-асьветніцкіх устаноў, уключэньне іх у актыўны ўдзел у распрацоўцы стратэгіі разьвіцьця розных сфэр беларускага грамадзтва;

3) Арганізацыйнае разьвіцьцё інтэлектуальных пляцовак і плятформаў, накіраваных на стварэньне й выпрацоўку стратэгіі разьвіцьця беларускага грамадзтва й дзяржавы;

4) Правядзеньне інтэлектуальных сымпозыюмаў, канфэрэнцый, лекцый, сэмінараў па актуальных пытаньнях і праблемах на падставе кансэрватыўных і традыцыйных каштоўнасьцяў беларускага народу;

5) Стварэньне стратэгічных дасьледаваньняў у сфэрах філязофіі, гісторыі, паліталёґіі, сацыялёґіі, эканомікі, псыхалёґіі, культуралёґіі, рэлігіязнаўства.

Фундамэнтальна-навуковыя падставы Кансэрватыўнага цэнтру NOMOS.

Кансэрватыўны цэнтар NOMOS у вызначаных варунках спрабуе пераасэнсаваць клясыкаў сусьветнае навукі. Падмуркам дадзенага пераасэнсаваньня павінны стаць чалавечыя традыцыйныя каштоўнасьці, што фармуюць прынцыпы кансэрватызму. Кансэрватыўныя прынцыпы NOMOS’у падмацоўваюцца тэарэтычнымі і мэтатэарэтычнымі падставамі ў сфэры фундамэнтальнае навукі:

  • ФІЛЯЗОФІЯ → кансэрватыўныя сьветаглядныя канцэпцыі В.Ф.Г. Геґеля, Ф.В.І. Шэлінґа, нямецкі, французкі, беларускі рамантызм, фэнамэналёґія Э. Гусэрля, фундамэнталь-анталёґія М. Гайдэґера, філязофія кансэрватыўнае рэвалюцыі братоў Э. і Ф. Ґ. Юнґэраў, О. Шпана, філязофія інтэґральнага традыцыяналізму (Р. Ґэнон, Ю. Эвола, Ж. Б’ес), фундамэнтальныя напрацоўкі сэмінараў ЭРАНОС (К.Ґ.Юнг, Ґ. Башляр, К. Леві-Строс, Ж. Дзюран, М. Эліядэ, Ж. Думезіль, В. Паўлі), філязофія навукі П. Феерабэнда, У. Сьцёпіна і г. д.;
  • САЦЫЯЛЁҐІЯ → фундамэнтальная і структурная сацыялёґія (Э. Дзюркгайм, М. Мос, Ж. Батай, В. Зомбарт і г. д.), сацыялёґія кансэрватыўнае рэвалюцыі (Г. Фраер), сацыялёґія глыбінь (Ж. Дзюран), сацыялёґія ультрамодэрну (Ж. Бадрыяр) і г. д. ДАСЬЛЕДАВАНЬНЕ КІРУНКАЎ ЭТНАСАЦЫЯЛЁҐІІ І ҐЕАСАЦЫЯЛЁҐІІ, РАЗГЛЯД КВАНТАВАГА ХАРАКТАРУ СУЧАСНЫХ ГРАМАДЗКІХ ПРАЦЭСАЎ;
  • ПАЛІТАЛЁҐІЯ → філязофія палітыкі (Луі дэ Банальд, Ж. дэ Мэстар, Д. Картэс, К. Шміт), тэорыя ідэй кірунку кансэрватыўнае рэвалюцыі (О. Шпан, браты Юнґэры, Э. Нікіш, В. Ліпінскі) і г. д. ДАСЬЛЕДАВАНЬНЕ ЭТНАПАЛІТЫКІ І ҐЕАПАЛІТЫКІ;
  • ЭКАНОМІКА → філязофія гаспадарання (І. Ґ. Фіхтэ), неартадаксальныя тэорыі нямецкай гістарычнай школы (Ф. Ліст, Кніс, Ґ. Шмолер, В. Зомбарт), Дж. М. Кейнс, Ш. С. Сісмандзі, І. Ґезэль, Ф. Перу, ісламская эканоміка, ВЫВУЧЭНЬНЕ ЭТНАЭКАНОМІКІ, ҐЕАЭКАНОМІКІ, ЭКОЛЯҐАЭКАНОМІКІ;
  • КУЛЬТУРАЛЁҐІЯ → этыка і эстэтыка творчасьці, канфлікталёґія культуры й мастацтва;
  • ПСЫХАЛЁҐІЯ → аналітычная псыхалёґія К. Ґ. Юнга, псыхалёґія й пэдаґоґіка Л.С. Выгоцкага і г. д.;
  • ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЕ ДУМКІ → сярэднявечная філязофія ісыхазму (К. Тураўскі, Р. Цамблак), ґеапалітычныя пошукі часоў ВКЛ, філязафічныя погляды М. Літвіна, К. Транквіліён-Стаўравецкага, І. Барэцкага, беларускі рамантызм, краёвы кансэрватызм, ідэі беларускага нацыянал-бальшавізму, сацыяльна-хрысьціянскія ідэі ў Заходняй Беларусі, ідэі К. Скірмунта, В. Ластоўскага, Я. Станкевіча, У. Самойлы, беларускі імажынізм і архэафутурызм.

Формы дзейнасьці кансэрватыўнага цэнтру NOMOS.

Кансэрватыўны цэнтар NOMOS выкарыстоўвае розныя формы дзейнасьці:

1. Лекцыі-абмеркаваньні праблемных пытаньняў, інавацыйных тэорый, сучасных навуковых вынікаў;

2. Сэмінары-практыкумы па выпрацоўцы канкрэтных рашэньняў праблем;

3. Правядзеньне круглых сталоў, канфэрэнцый па актуальных пытаньнях і праблемах грамадзкага і дасьледчага характару;

4. Культурна-асьветніцкія мерапрыемствы (выставы, сымпозыюмы, кінапаказы, экскурсыі).

Запрашаем да супрацы!

тэл. +375291782201